Захаваць мір у Беларусі

Нумары Тэма тыдня

image_pdfimage_print

14 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў», дзе азнаёміўся з работай прадпрыемства і пагутарыў з працоўным калектывам.

У цяперашні складаны час, калі ідзе перадзел свету і барацьба за сусветны ўплыў, галоўная задача – абараніць і захаваць краіну. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы.

«Я пачынаю цікавіцца, а што хоча народ пачуць ад будучых кандыдатаў у прэзідэнты? А народ хоча зарплаты пабольш і пажадана менш работы. Такое жаданне заўсёды было, я гэта добра разумею. Але не гэта сёння галоўнае», – лічыць беларускі лідар.

«Усё значна складаней. Ідзе перадзел свету. І зарплата – гэта вельмі важна. Але перада мной як Прэзідэнтам стаіць задача абараніць краіну. Вось у гэтым бурлівым моры не наш карабель, а нашу лодку захаваць, каб яе не патапілі і яна не пайшла на дно. Захавацца мы можам, толькі калі мы разам і калі мы забяспечым унутраную стабільнасць», – лічыць кіраўнік дзяржавы.

Работнікі МЗКЦ пацікавіліся меркаваннем кіраўніка дзяржавы аб перспектыўных спецыяльнасцях, якія варта выбраць маладым людзям, каб стаць у далейшым запатрабаванымі спецыялістамі. «Папракнуць уладу ў тым, што мы недзе адсталі і не можам прадаставіць моладзі перспектыўнае, добрае рабочае месца, сёння нельга», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу ён прывёў касмічную галіну. Беларусь ужо запусціла свой першы спадарожнік, другі, паводле слоў Прэзідэнта, будзе яшчэ больш эфектыўным. Здымкі беларускага касмічнага апарата запатрабаваны ў многіх галінах, і працаваць у гэтай сферы трэба будзе менавіта моладзі.

У Беларусі будуецца атамная станцыя, а гэта самыя сучасныя, высокааплатныя рабочыя месцы, дадаў Прэзідэнт. Толькі на першым этапе спатрэбіцца каля 5-7 тысяч чалавек абслуговага персаналу. На самім МЗКЦ, дзе па даручэнні кіраўніка дзяржавы праходзіць комплексная мадэрнізацыя, патрэбны канструктары, кіраўнікі. «І гэта ўсё для моладзі. Таму няма ў нас праблем з тым, што рабіць і куды дзяваць моладзь. Лепш крыху бядней, але на сваёй зямлі. Ты будзеш усім забяспечаны і абаронены. Прынамсі, гэта задача дзяржавы», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

 БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *