Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне дзевяць шлюбаў. Скасаваны два сямейныя саюзы. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі чатыры маленькія жыхары Стаўбцоўшчыны: Ілья Лявончык, Ніл Кутас, Мацвей Тарарай, Марыя Шаціла.

Зямны шлях закончыўся для 16 жыхароў раёна.

У пажарнай часці адзначаны два экстранныя выклікі. На палетках ТАА «СЖК «Налібакі» загарэўся трактар і зачэплены да яго рулонны прэс – тэхніка пашкоджана агнём. Прычыны загарання высвятляюцца. 30-га жніўня ў 10.25 паступіла паведамленне аб загаранні жылога дома ў Стоўбцах. У 10.47 звяном газадымаахоўнай службы ў ванным пакоі быў знойдзены труп гаспадара, 1936 года нараджэння. Агнём знішчаны дах, пашкоджаны пакоі. Матэрыялы па гэтым факце перададзены ў раённы аддзел Следчага камітэта. 

Міліцыяй зарэгістравана 158 паведамленняў аб правапарушэннях, узбуджана 8 крымінальных спраў. Зламыснік вырваў з каробкі дзвярэй прабой разам з навясным замком  з прыбудовы складскога памяшкання ў Заямным і ўкраў зварачны апарат. З дома ў Кучкунах, у які неўстаноўленая асоба пранікла, адчыніўшы ўваходныя дзверы шляхам падбору ключоў, зніклі грошы, чатыры мабільныя тэлефоны і спіртное.

Суд прыгаварыў неаднаразова судзімага новасвяржаніна, за ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі, да аднаго года пазбаўлення волі. Да яго будзе прыменена прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Накіраваны ў папраўчую калонію агульнага рэжыму жыхар Дзяржынска. Пакаранне яму назначана па сукупнасці двух эпізодаў: будучы раней пазбаўленым правоў кіравання, ён у нецвярозым стане сеў за руль аўтамашыны, а падчас затрымання супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі адмовіўся ад праходжання медыцынскага агляду. У парушальніка канфіскавана аўтамашына і на чатыры гады ён пазбаўлены вадзіцельскага пасведчання. Па тры базавыя велічыні кожны заплацяць жыхар Дудак і мінчанін, якія ў стане алкагольнага ап’янення аказалі непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Санітарнай службай пасля праверкі магазінаў  ПГУП «Аляшкевіч» у гандлёвай кропцы а. г. Засулле знята з рэалізацыі 10,5 кілаграма прадукцыі, якую прадавалі з парушэннем тэмпературнага рэжыму, і 2,8 кілаграма прадуктаў у в. Бярозаўка, на якія не былі прадстаўлены дакументы, што пацвярджаюць  якасць.

ДАІ выявіла 245 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў пяць нецвярозых вадзіцеляў і 9 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 24 недысцыплінаваныя пешаходы. Зарэгістравана дзевяць дробных дарожных аварый. 

Хуткая атрымала 160 выклікаў, у тым ліку шэсць – да асоб з алкагольным ап’яненнем. 

Падрыхтавала Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *