Правапарадак, бяспека

ПАТРАБАВАННІ КАПІТАЛЬНЫЯ І РЭЖЫМНЫЯ

На філіяле КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ № 135» працуюць без парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі. Не выяўлена іх і на аб’ектах будаўніцтва раёна – мадэрнізацыі магазіна «Універмаг» па вуліцы Першамайскай горада Стоўбцы, узвядзенні жылых дамоў у вёсцы Раёўшчына.

Разам з тым, ёсць і іншыя прыклады, калі ацэнка стану пажарнай бяспекі не адпавядае патрабаванням або адпавядае ім не поўнасцю. Так, у ходзе кантрольнай праверкі ТАА «Белсервисснаб» устаноўлена, што на аб’екце прайшлі пашырэнне і мадэрнізацыя магутнасцяў, аднак праектна-каштарысная дакументацыя на гэтыя работы адсутнічае. Пры гэтым эксплуатацыя вытворчых памяшканняў без дакументацыі не дазваляе прымяніць увесь комплекс мер па недапушчэнні ўзнікнення пажару. На прадпрыемстве адсутнічае і ўнутранае супрацьпажарнае водазабеспячэнне.

Пры планавай праверцы ДУ «Стаўбцоўскае ПМС» адзначаны як парушэнні капітальнага характару (адсутнасць сістэмы апавяшчэння аб пажары ў адміністрацыйным корпусе, дымапранікальнасць дзвярэй лесвічнай клеткі), так і рэжымнага, якія ў любы момант могуць прывесці да значных матэрыяльных страт. Сярод іх – адсутнасць пярвічных сродкаў пажаратушэння на тэхніцы і ў будынках, устаноўка ў боксе № 1 металічнага катла незаводскага вырабу і іншае.

У абедзвюх названых арганізацыях кіраўнікі і службовыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Рыхтуюцца дакументы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці службовых асоб ААТ «Радзіма Дзяржынскага», дзе не ўдзяляецца належная ўвага ўхіленню парушэнняў заканадаўства аб пажарнай бяспецы. Злабадзённыя праблемы для гэтай гаспадаркі – недастатковая аснашчанасць пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, складзіраванне грубых кармоў з парушэннем тэхнічных нарматыўных актаў па пажарнай бяспецы. Зафіксаваны ўпушчэнні і ў электратэхнічнай гаспадарцы.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

 

ДА СТОЙЛАВАГА ПЕРЫЯДУ

Перад пачаткам стойлавага перыяду інспекцыяй энерганагляду праводзяцца абследаванні тэхнічнага стану электраабсталявання, праверкі спраўнасці прыстасаванняў выраўноўвання электрычных патэнцыялаў на малочнатаварных фермах раёна.

Як вядома, жывёлагадоўчыя памяшканні маюць шэраг асаблівасцяў. Умовы навакольнага асяроддзя, у якіх утрымліваецца сельскагаспадарчая жывёла,  характарызуюцца павышанай вільготнасцю, агрэсіўнасцю пароў і газаў, і пры гэтым у жывёлы адносна высокая адчувальнасць да дзеяння электрычнага току. Уздзеянне на яе напружання, да прыкладу, велічынёй 3 В, прыводзіць да зніжэння надою на 30 працэнтаў.

Адной з важных мераў электрабяспекі сельскагаспадарчай жывёлы з’яўляецца выкарыстанне прыстасаванняў выраўноўвання электрычных патэнцыялаў (ПВЭП). Эфектыўнасць іх функцыянавання, на жаль, ніводнай з гаспадарак раёна не праверана да пачатку стойлавага перыяду. Кіраўнікам гаспадарак выдадзены прадпісанні з рэкамендацыямі і адносна ўхілення недахопаў.

З парушэннямі пракладзены электрычныя кабелі ў электрашчытавой МТФ у Заямным, ад уводнага прыстасавання – у Яблынаўцы (ПДСУП «Профі-Аграцэнтр»), у цялятніку і на МТФ у Пагарэлым, Грабёнаўшчыне (ААТ «Радзіма Якуба Коласа»), да рухавікоў транспарцёраў – у Мархачоўшчыне (ААТ «Вішнявецкі-агра»). Няма адказных за электрагаспадарку ў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», ААТ «Рочавічы», ААТ «Вішнявецкі-агра». У ААТ «Рочавічы», ААТ «Дзераўная», ААТ «Вішнявецкі-агра» ўвогуле адсутнічае электратэхнічны персанал. Недахопы неабходна выпраўляць.       

Валерый ШЫДЛОЎСКІ, інспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд»

 

АД ПЕРШАЙ ЦЫГАРЭТЫ…

На Стаўбцоўшчыне з пачатку бягучага года па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі выяўлена 31 злачынства,  на трэцюю частку больш, чым за адпаведны перыяд летась. 15 злачынстваў з 31-го адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх, гэта значыць, звязаных са збытам наркатычнага дурману.

З незаконнага абароту было канфіскавана 90,42 грама асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў і іх аналагаў (курыльных сумесяў), 8,27 грама марыхуаны, 0,8267 грама экстракцыйнага опію, 199,02 грама макавай саломкі, 586 грамаў насення маку. Двойчы курыльныя сумесі канфіскоўвалі ў буйным памеры. За час правядзення спецыяльнай праграмы «Мак» выяўлена 38 незаконных пасеваў наркаўтрымліваючых культур на плошчы больш за 230 м2. У адносінах да 15-ці жыхароў раёна былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за пасеў або вырошчванне забароненых раслін.

Турбуе праблема курэння спайсаў маладымі людзьмі, прычым, назіраецца тэндэнцыя зніжэння ўзросту асоб, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці за незаконныя дзеянні з наркатычнымі сродкамі, псіхатропнымі рэчывамі і іх аналагамі. Прыкметы курэння спайсу наступныя: вельмі вузкія або, наадварот, вельмі шырокія зрэнкі, павышаная рухавасць, чырвоныя бялкі вачэй, некантралюемыя перапады настрою, незразумелая размова, галюцынацыі.

Спайсы выклікаюць прывыканне ўжо пасля першых зацяжак.

Яўген КУРЫЛА, старшы оперупаўнаважаны райаддзела міліцыі