Людзі і лёсы

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

У СЭРЦЫ КОЖНАГА – БРЫЛЬЯНТ

У новасвяржан Кацярыны і Георгія Ярашэвічаў няма ні залатых, ні брыльянтавых упрыгажэнняў, але іх найкаштоўным дыяментам – адным на дваіх – служыць сямейны саюз, вернасць і павага адно да аднаго, правераныя часам і самім жыццём. Тым больш, гісторыя іх сям’і ў многім павучальная.

Абое нарадзіліся і выраслі ў Новым Свержані, толькі што жылі на розных вуліцах (дарэчы, гэтую асаблівасць – узяць за жонку мясцовую дзяўчыну, з суседняй вуліцы, – паўтарыў потым і адзін з іх сыноў – Сяргей). «Нікуды ў горад нас не маніла, – прызнаюцца Кацярына Паўлаўна і Георгій Мікалаевіч, – так было добра ў сваёй вёсцы». А куды ісці працаваць? Зразумела, на тутэйшае прадпрыемства – лесазавод. Кацярыну ўзялі падлікоўцам на сортпляцоўку, а Георгій падвозіў на сортпляцоўку матэрыялы. Тут маладыя людзі і пазнаёміліся бліжэй. Падчас рабочай змены не раз бачыліся, абменьваліся позіркамі.

– У маёй жонкі на той момант быў кавалер, таксама працаваў на лесазаводзе, але яна выбрала мяне. Атрымалася гэта так, – і цяпер, відавочна, бярэ ініцыятыву ў свае рукі Георгій Мікалаевіч: – Як звычайна, надышоў перапынак у рабоце. Мы стаім усе гуртам, жартуем. Сябры сталі падначваць маю Кацю: «А чаго ты каравай не прыносіш?» А яна: «Як я прынясу, калі мяне замуж не бяруць?!» А я тут і не разгубіўся, кажу ёй пры ўсіх: «Выходзь за мяне!». Яна – маўчыць. Напрыканцы змены падыходжу, цікаўлюся: «Мне прыходзіць у сваты?». Ізноў маўчанне, а затым прагучаў ціхенькі адказ: «Прыходзь». Я толькі папрасіў яе: «Ты скажы свайму кавалеру, каб сёння цябе не праводзіў з работы».

Пакуль муж апавядае іх шлюбную гісторыю, жонка ўважліва слухае. У сям’і гэта ўсё добра вядома, неаднойчы пераказвалася дзецям, унукам. «А вы не шкадуеце, што так атрымалася?» – цікавімся ў Кацярыны Паўлаўны.  «Ніколькі! Жора мой і сёння побач са мною».

Аднак на гэтым шлюбная гісторыя шасцідзесяцігадовай даўніны не заканчваецца. Калі Георгій прыйшоў са сватамі, бацька Кацярыны выказаў незадаволенасць. Яшчэ не была замужам яго старэйшая дачка. «Па чарзе трэба», – настойваў ён. «Не, я хачу ўзяць у жонкі тую, якую выбраў», – не здаваўся і Георгій. А ўжо наконт вяселля, прызначанага на 20-га лістапада, заўпарціліся бацькі з абодвух бакоў. Прызначылі: «Трэба чакаць Ражджаства, калі пост закончыцца».

Лёгка сказаць – пачакай. А раптам дзяўчына перадумае?.. Георгій папрасіў у знаёмага свержанца каня з санямі (у лістападзе 1955 года ляжаў снег) і паехаў у Галавенчыцы па сельсаветаўскага сакратара. Прывёз і яго, і сваю абранніцу ў сельскі Савет. «На роспісе было нешматлюдна: мая стрыечная сястра ды Каціны сёстры, бацька», – расказвае Георгій Мікалаевіч. – А калі адвёз сакратара і вярнуўся дадому – пуста, няма маёй жонкі. Кацін бацька, чалавек веруючы, як адрэзаў: «Да вяселля дачка будзе жыць дома». Так я да вяселля і бегаў паміж дзвюма хатамі… А на Ражджаство згулялі вяселле. Была поўная хата гасцей, аж прыйшлося раскідаць перагародку…

Пражылі Ярашэвічы сваё жыццё ў працы. Двух сыноў нарадзілі. Дзіцячых садкоў тады не было, таму прыйшлося самім шукаць выйсце. Папрасілі на лесазаводзе, каб ім памянялі змены. І нярэдка было такое, што перадавалі дзяцей з рук у рукі на дарозе паміж заводам і домам. На пенсію Кацярына Паўлаўна выйшла з сельгастэхнікі, Георгій Мікалаевіч – з чыгункі, куды  па стане здароўя перайшоў ахоўнікам. 

У бабулі і дзядулі цяпер чацвёра ўнукаў, пяцёра праўнукаў. Яны радуюцца  іх поспехам і дасягненням, чакаюць у госці. Любяць паглядзець тэлевізар і пасля нешта абмеркаваць, пачытаць раённую газету. Галоўнае ў жыцці, як лічаць Ярашэвічы, – умець дараваць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

 

САД ПАНАМАРОВЫХ

У аграгарадку Дзераўная працягваюць жыць лепшыя традыцыі садаводства. Ад вядомага ў акрузе садавода-аматара А. І. Жарскага гэтую справу пераймаюць маладыя дзераўнянцы.

На экскурсію ў свой сад – такі ж малады, перспектыўны, але ўжо з элітнымі сартамі яблыкаў, груш, сліў і нават нетрадыцыйных гібрыдных чарэшань, абрыкоса і інш., які складаецца не толькі з пладовай часткі, а і з гадавальніка  (з вясны сюды садзяцца падвоі, а ў жніўні іх акуліруюць ці прышчэпліваюць), – запрасіла сям’я Панамаровых.

Гаспадар сям’і Аркадзь, безумоўна, – і ў садзе гаспадар, галоўны. Каб мець памочніка, навучыў гэтай справе жонку Таццяну. Дзве іх дачкі яшчэ падрастаюць, таму пакуль яны больш любуюцца і дэгусціруюць вырашчанае бацькамі.

Сімвалічна, што Панамаровы разбілі свой сад па суседству з зямельным участкам, які ўзялі для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Разам з садам «расце» і іх дом. Вось ужо «каробка» выведзена і з вокнаў ці, хутчэй, яшчэ аконных праёмаў, адкрываецца выгляд на сад, выпеставаны сваімі рукамі. Скажаце, чым не беларуская мара?.. Праўда, працаваць на яе ўвасабленне прыходзіцца нямала. Як мінімум – увесь вольны ад асноўнай работы час. Аркадзь працуе ляснічым Кляцішчанскага лясніцтва, Таццяна – трэнер мясцовага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Аркадзь у свой час займаўся пчоламі, цяпер  знаходзіць магчымасць, каб наведваць семінары па садаводстве, ездзіць за досведам ды падвоямі да фермераў Беларусі. А колькі іхніх перажыванняў, трывог за сваё дзецішча схавана ад старонніх вачэй?..

– За першы год (а было гэта шэсць гадоў таму) пасадзілі 100 дрэў – зімою  яны ўсе змерзлі. Прыйшлося перапрышчэпліваць дрэўцы. Праз два гады зіма выдалася снежнай, і ўсю нашу працу з’елі зайцы, – прыгадвае гаспадар тыя выпрабаванні і страты, праз якія ім давялося прайсці напачатку. Цяпер, калі ўсё засталося ў мінулым, успаміны садавода-пачаткоўца суправаджаюцца дасціпным гумарам. А дзе гумар, там і шырыня душы, і гасціннасць.

З саду Панамаровых шмат чаго можна прадэгусціраваць. Ураджай адных яблыкаў і груш складаецца не менш чым з трох дзясяткаў сартоў. Пасаджана тут і рабіна чарнаплодная гранатавая (летам была і чорная парэчка сорту «пярун»; пра яго Таццяна сказала: «Саладзей ягад няма»). На розныя навінкі гаспадар звяртае асаблівую ўвагу. Сярод іх, да прыкладу, каланавідная груша «московское ожерелье». А ўвогуле гаспадар саду з асалодай знаёміць з кожным сортам, дзеліцца ўласнымі назіраннямі і каментарыямі, ад якіх смак пладоў набірае яшчэ большай сакавітасці, мядовасці.

У садзе Аркадзь праводзіць своеасаблівую селекцыю сартоў: штосьці адбракоўвае, а штосьці, як, напрыклад, яблыкі «імант», якія славяцца сваёй захаванасцю аж да мая і, пры гэтым, сімпатычныя на выгляд, з нядрэннай ураджайнасцю, стараецца разводзіць. Прыжыўся ў яго і сорт «чэмпіён» (менавіта гэты сорт яблыкаў прадаецца зімой у нашых магазінах). «У яго вырошчванні ёсць асаблівасці – я яшчэ да канца не вывучыў іх. Важна, каб яблык быў не толькі прыгожы, а і смачны», – прызнаецца суразмоўца.

Сярод розных экзотаў добра пачувае ў яго і «бабулін» сорт – гэта ўсім вядомая «антонаўка». «Некалькі дрэў пакінуў для чаранкоў, бо ёсць жадаючыя набыць гэты сорт. Ён адзіны, яблыкі якога падыходзяць для замочвання», – тлумачыць Аркадзь Панамароў.

Думаю, у перспектыве з’явіцца і так званы яблык Панамарова – сорт, народжаны ў выніку селекцыйных эксперыментаў цікаўнага садавода з Дзераўной. Ён надзвычай мэтанакіраваны ў сваіх памкненнях на выбраным шляху садавода. Разумее: «Калі б у мяне быў садаводам прадзед ці дзед, як гэта распаўсюджана ў Польшчы, іншых краінах, то навыкі перадаваліся б з пакалення ў пакаленне, а так прыходзіцца збіраць іх па крупіцах».

Гэты год выдаўся адметным для сям’і Панамаровых не толькі ўраджаем, якім аддзячыў сад. Летам Аркадзь разам з дочкамі здзейснілі веласіпедны паход на Кромань. Па дарозе да возера пабачылі на полі тысячу журавоў. Узмахнулі птушкі крыламі – нібыта хмара закрыла неба. Колькі радасці, палёту думак і пачуццяў выклікала гэтая нечаканая сустрэча з жывой прыродай! Ад яе імпульсаў сям’я адчувае сябе яшчэ мацнейшай.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

І ГРЭЮЦЬ ПЛАНЕТУ ЎСМЕШКІ ЛЮДЗЕЙ

Стаўбцоўшчына адзначала сёлета Каласавіны трыццаты раз. Гэтай падзеі прысвяцілі сваю творчую сустрэчу ўдзельнікі літаратурна-паэтычнай гасцёўні «Ліра» пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра.

Сустрэча, метадычную дапамогу ў падрыхтоўцы якой аказала хармайстар Навасвержанскага цэнтральнага Дома культуры Ала Янская, называлася: «І грэюць планету намнога цяплей паэзія і проза, музыка і песня, усмешка і смех вельмі многіх людзей». Яна засведчыла, што,  зямля Якуба Коласа дружна каласіцца талентамі. Сярод іх ёсць як самадзейныя артысты, так і звычайныя працаўнікі розных галін народнай гаспадаркі.

Так, міні-канцэртам парадаваў народны вакальны ансамбль «Святлана» (мастацкі кіраўнік Леся Карніенка) і самабытны творца Сяргей Гарэлаў, які піша і вершы, і музыку.

– Душу напоўніла радасць, калі яны разам заспявалі песню Сяргея Гарэлава на верш Максіма Багдановіча «Маладыя гады», – прыгадаў загадчык аддзялення Сяргей Есіс. – У выкананні Дзмітрыя Клочкі ўсхвалявала ўсіх песня «Панямонь» (словы Сяргея Гарэлава, музыка Уладзіміра Кухарчыка). Цудоўным акордам сустрэчы стала выступленне хору «Родны кут» (акампаніятар Валерый Цеўшчакаў), якому гучалі і «біс», і «брава».

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *