Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам не зарэгістравана на гэтым тыдні ніводнага шлюба – працягваецца перадкалядны пост, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 11 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Даніла Міцюля, Анастасія Мельнік, Эрык Мелаян, двайняты Кіра і Цімафей Самец, Вера Грыгаровіч, Ягор Бычко, Яраслаў Клімовіч, Даніла Ляшчоў, Мікіта Казлоўскі і Надзея Тубальцава.

Зямны шлях закончыўся для чатырох жыхароў раёна.

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў без вогненных здарэнняў.

Міліцыяй зарэгістравана 89 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджаны тры крымінальныя справы, у двух з іх устаноўлены падазраваемыя. У Пільніцы з гаража дачніцы зніклі слясарныя інструменты, аўтамабільныя акумулятары і іншая маёмасць. З бака аўтамабіля ў Новых Рубяжэвічах прапала 35 літраў бензіну. У лясным масіве непадалёку ад Наваколасава грабежнік спрабаваў выхапіць у жанчыны дамскую сумачку з грашыма і мабільным тэлефонам, але не змог адабраць іх у яе.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены адміністрацыйны пратакол у адносінах да жыхара горада Дзяржынска, які ў Рубяжэвіцкім лясніцтве ажыццявіў знішчэнне двух дрэў сасны без дазвольных дакументаў. За парушэнне Ляснога кодэкса яму пагражае штраф да 50 базавых велічынь. 

Суд асудзіў да года абмежавання волі 29-гадовага новасвяржаніна, які ўхіляўся ад адбыцця пакарання ў выглядзе выпраўленчых работ. За нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў аштрафаваны на 1 800 000 рублёў 19-гадовы стаўбчанін.  

ДАІ выявіла 222 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – двое нецвярозых вадзіцеляў і 14 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 48 недысцыплінаваных пешаходаў. Здарылася сем дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў. З 10 па 13 снежня праводзіцца акцыя «Пешаход», накіраваная на папярэджанне дарожнага траўматызму з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў.

Санітарнай службай раёна знята з рэалізацыі 3,1 кг прадукцыі ў гандлёвым аб’екце ІП Ж. В. Кедышка (рынак УП «Лэндсэрвіс») у сувязі з адсутнасцю дакументаў, якія засвядчаюць яе якасць і бяспеку, інфармацыі для спажыўца.

«Хуткая» выязджала да хворых 177 разоў, у тым ліку чатыры сігналы паступілі да асоб з алкагольным ап’яненнем. Два звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных. Яны звяртаюць увагу, што пры абвастрэнні хранічных захворванняў неабходна выклікаць урача дадому, а зварот у «хуткую» павінен быць звязаны толькі з экстраннымі выпадкамі, неабходнасцю неадкладнай медыцынскай дапамогі.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *