Правапарадак

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

21-12-2015-14

ПРАФІЛАКТЫЧНЫ КОМПЛЕКС

Шматлікія дарожна-транспартныя здарэнні з самымі цяжкімі наступствамі адбываюцца з-за пешаходаў і веласіпедыстаў у навушніках, якія, будучы на дарозе, знаходзяцца ў думках на далёкай адлегласці ад рэальнай дарожнай абстаноўкі.

Большасць такіх здарэнняў адбываецца ў цёмны час сутак, на неасветленых або малаасветленых участках дарог паблізу населеных пунктаў, з пешаходамі, якія, да таго ж, не абазначаны святлоадбівальнымі элементамі. З іх боку разам з грубымі парушэннямі Правіл дарожнага руху дапускаюцца элементарныя няўважлівасць і спешка, нярэдка відавочная і адсутнасць навыкаў бяспечных паводзін на дарогах. Чым гэта абарочваецца, гаворыць статыстыка.

За 11 месяцаў бягучага года абстаноўка з бяспекай дарожнага руху ў раёне характарызуецца ростам аварыйнасці практычна па ўсіх паказчыках. Зарэгістравана 28 ДТЗ, у якіх восем чалавек загінулі і 25 – паранены, і большасць іх – з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў. Тры аварыі адбыліся па віне вадзіцеляў у стане алкагольнага ап’янення. Да адміністрацыйнай адказнасці па лініі ДАІ ўжо прыцягнута сёлета 10 тысяч 230 правапарушальнікаў, у тым ліку 195 нецвярозых вадзіцеляў, 456 вадзіцеляў-бяспраўнікаў і 1528 недысцыплінаваных пешаходаў. 

Для стабілізацыі абстаноўкі з аварыйнасцю і недапушчэння развіцця негатыўных тэндэнцый у сферы бяспекі дарожнага руху райаддзелам міліцыі распрацаваны комплекс дадатковых прафілактычных мерапрыемстваў. У яго рамках арганізаваны выступленні супрацоўнікаў міліцыі на прадпрыемствах і ў арганізацыях, адпрацоўка найбольш аварыйна-небяспечных аўтадарог і населеных пунктаў, у тым ліку з прыцягненнем іншых падраздзяленняў дарожна-патрульнай службы ДАІ, кантроль за захаваннем суб’ектамі гаспадарання транспартнай дысцыпліны. 

Са змяншэннем светлавога дня, ускладненнем пагодных умоў (дождж, туман і т. п.) ДАІ звяртаецца да ўсіх удзельнікаў дарожнага руху з просьбай быць узаемна ветлівымі, уважлівымі і максімальна асцярожнымі, выконваць Правілы дарожнага руху.

Рэкамендацыі вадзіцелям

Не перавышайце ўстаноўленую хуткасць руху і выбірайце бяспечную хуткасць з улікам пагодна-метэаралагічных умоў, стану дарожнага палатна. У цёмны час сутак ва ўмовах недастатковай бачнасці пры сустрэчным раз’ездзе прытармазіце – наперадзе магчыма перашкода, якую цяжка разглядзець пры сустрэчным святле фараў (неабазначаны пешаход, спынены без габарытных агнёў транспартны сродак). Утрымлівайце свой аўтамабіль у спраўным стане (асвятляльныя прыборы, тармазная сістэма, рулявое кіраванне, стан шын). Неабходна трымаць бяспечную дыстанцыю, не парушаць правілы абгону і, па меры магчымасці, выключыць паездкі ў цёмны час сутак, пры складаных пагодных умовах.

Рэкамендацыі пешаходам

У цёмны час сутак падчас руху па аўтадарозе абазначайце сябе святлоадбівальнымі элементамі (лепш у выглядзе розных павязак, бранзалетаў, палосак, прыкметных з некалькіх бакоў; яны ёсць у шырокім асартыменце ва ўсіх гандлёвых кропках раёна). Рухацца трэба толькі насустрач транспартнаму патоку, бо так можна кантраляваць сітуацыю на дарозе. Праезджую частку неабходна перасякаць на скрыжаваннях, пешаходных пераходах, асветленых участках дарог і пры адсутнасці транспартных сродкаў. Трэба выключыць знаходжанне на праезджай частцы ў стане алкагольнага ап’янення. 

Веласіпедыстам і возчыкам гужавых павозак хацелася б нагадаць, што, згодна з п. 149 ПДД «падчас руху па дарозе ў цёмны час сутак і (ці) пры яе недастатковай бачнасці на веласіпедзе павінны быць уключаны: спераду – фара (ліхтар), якая вылучае белае святло, ззаду – ліхтар, які вылучае чырвонае святло». Па жаданні можна дадаткова ўстанаўліваць святлоадбівальныя элементы (катафоты). Таксама рэкамендуем падчас руху на веласіпедзе ў цёмны час сутак карыстацца камізэлькай павышанай бачнасці са святлоадбівальнымі ўстаўкамі.

Адміністрацыйная адказнасць

Рух у цёмны час сутак па аўтадарозе або вуліцы без святлоадбівальнага элемента цягне адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ад 180 000 да 540 000 рублёў (а калі яшчэ ў стане алкагольнага ап’янення – штраф ад 540 000 да 900 000 рублёў). Калі па віне пешахода здарылася ДТЗ, на яго накладаецца штраф ад 900 000 да 3 600 000 рублёў.

Калі вы ведаеце, што транспартным сродкам кіруе нецвярозы вадзіцель або на дарозе знаходзіцца нецвярозы пешаход, тэлефануйце ў райаддзел міліцыі па тэл. 8-029-776-73-44, 5-19-15 або 102. Магчыма, ваша інфармацыя зберажэ нечае жыццё.

Аляксандр ТРАЦЯК, старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі          

 

ПАГРОЗА РЭАЛЬНАЯ ЦІ ЎЯЎНАЯ

Здараецца, што некаторыя з нас у размове са сваімі знаёмымі або блізкімі, часам жартам, а, іншы раз, і падчас сваркі, кідаюць гнеўнае: «Заб’ю цябе!» Часцей за ўсё гэта вылятае аўтаматычна, а думак і намераў аб учыненні забойства ў таго, хто сказаў, няма. Але ў пэўнай абстаноўцы вымаўленне пагрозы і падмацаванне яе пэўнымі дзеяннямі расцэньваецца як злачынства, вызначанае артыкулам 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, – «Пагроза забойствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці».

Уявіце, напрыклад, сітуацыю, калі п’яны муж у ходзе скандалу з жонкай хапаецца за кухонны нож і крычыць: «Заб’ю!» У такой сітуацыі ў галаве жанчыны міжволі ўзнікае думка, што і праўда яе чакае крывавая расправа. І, калі ў яе такая думка з’явілася, злачынства – з юрыдычнага пункту гледжання – ужо ўчынена. Акрамя нажа, у руках насільніка можа аказацца любы іншы небяспечны сродак – пісталет, сякера, вілы, пятля, цяжкі прадмет і т. п. Страх за сваё жыццё і здароўе ўзнікае не толькі пры дэманстрацыі так званай зброі, а і ад учыненых пры гэтым дзеянняў: нанясення ўдараў рукамі, удушэння, гвалтоўнага ўтрымання ў ляжачым становішчы, пераследу і т. п. Ды і моўныя выразы, накшталт «грохну», «завалю», «табе не жыць» «затаўку», толькі   нагнятаюць абстаноўку. Здавалася б, бяскрыўдная фраза «ну ўсё, прыехалі!» у пэўнай сітуацыі можа выглядаць пагрозай, якую пацярпелы ўспрымае рэальна.           

Падобныя злачынствы ўчыняюцца, як правіла, у бытавой сферы, на глебе сямейных скандалаў, скандалаў з суседзямі ў стане алкагольнага ап’янення. Падчас выездаў на іх супрацоўнікам праваахоўных органаў акурат прыходзіцца сутыкацца з тым, што апісана вышэй.

Да прыкладу, раённым аддзелам Следчага камітэта былі расследаваны і накіраваны ў суд дзве крымінальныя справы –  у адносінах да грамадзян К. і В. Абодва на глебе бытавой сваркі пагражалі забойствам: адзін – жонцы, другі – сужыцельцы, – і, адпаведна, прымянялі пры гэтым насілле, якое выразілася ва ўдарах, сцісканні шыі, цяганні за валасы.

Па выніках разгляду спраў у судзе раёна К. асуджаны да 1,5 года абмежавання волі, В. – да двух месяцаў арышту.  

У падобных выпадках пасля правядзення першапачатковай праверкі матэрыялы паступаюць у Следчы камітэт для прыняцця рашэння аб узбуджэнні крымінальнай справы пры наяўнасці падстаў, прадугледжаных законам.

У 2015 годзе раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана пяць крымінальных спраў па артыкуле 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, тры справы накіраваны ў суд, адна спынена, яшчэ адна знаходзіцца ў вытворчасці.

Існуе і яшчэ адзін бок сямейных канфліктаў. Бывае, жанчыны паведамляюць аб фактах рукапрыкладства з боку мужа і высвятляецца, што пацярпелая падвяргаецца насіллю рэгулярна. У такім выпадку дзеянні насільніка ўжо можна кваліфікаваць згодна з артыкулам 154 Крымінальнага кодэкса (катаванні). Пад гэтым разумеецца наўмыснае нанясенне працяглага болю або катаванняў спосабамі, якія выклікаюць у пацярпелай (пацярпелага) асобыя фізічныя і псіхічныя пакуты, або сістэматычнае нанясенне пабояў, якія не пацягнулі за сабою цяжкіх наступстваў. Па гэтым артыкуле ў 2015 годзе раённым аддзелам Следчага камітэта крымінальныя справы пакуль не ўзбуджаліся.

Часта асобы, якія пацярпелі ад злачынных замахаў, па тых ці іншых прычынах, абумоўленых, перш за ўсё, нежаданнем псаваць адносіны з вінаватым ці простай бояззю яго, адмаўляюцца ад напісання адпаведнай заявы. У выніку, праверку па гэтых фактах прыходзіцца спыняць або прымаць рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Усё гэта садзейнічае ўзнікненню ў вінаватага пачуцця беспакаранасці перад законам і, у далейшым, учыненню больш цяжкіх злачынстваў, такіх, як забойства, наўмыснае нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання…

Дарэчы, як адзначыла начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі Юлія Белавусава, за 11 месяцаў 2015 года зарэгістраваны чатыры факты нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, прычым адзін факт, у вёсцы Жыгалкі, – са смяротным зыходам.

Нагадаем, што за наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў прадугледжана абмежаванне волі ад трох да пяці гадоў або пазбаўленне волі ад чатырох да васьмі гадоў. Калі гэтыя дзеянні ўчынены ў адносінах да малалетняга, састарэлага і інш., пагражае пазбаўленне волі ад пяці да дзесяці гадоў.

Мікалай СКРЫГАН, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта

 

УВАГА: ПАДЛЕТАК! У СВАЕ 11 – УЖО НЕКІРУЕМЫ?..

На адным з апошніх пасяджэнняў камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прынята неардынарнае рашэнне – аб звароце ў суд з хадайніцтвам аб накіраванні падлетка ў спецустанову. Гэтаму падлетку нядаўна споўнілася 11…

У даным выпадку выклікаюць шок як юны ўзрост непаўналетняга, у адносінах да якога ўжо вымушаны хадайнічаць аб мерах ізаляцыі, так і сам па сабе выключны характар прынятай меры. На гэта звяртае ўвагу і намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько:          

–  За апошнія пяць гадоў гэта першы выпадак, калі камісія прымае рашэнне звярнуцца ў суд з хадайніцтвам аб накіраванні падлетка ў спецустанову. Факт сам па сабе неверагодны, але камісія кіравалася ў першую чаргу аб’ектыўнымі падставамі. Нельга не ўлічваць і тое, што былі перапробаваны ўсе іншыя меры ўздзеяння на падлетка, – і яны выніку не далі.    

У лістападзе на працягу аднаго тыдня ён учыніў у Стоўбцах тры крадзяжы веласіпедаў, якія стаялі каля аптэкі, школы мастацтваў і на верандзе на адным з падворкаў. Фактычна, гэта адразу тры (!) крымінальныя справы. Аднак ва ўзбуджэнні іх было адмоўлена па адной прычыне – падлетак не дасягнуў узросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Нягледзячы на гэта, з ім ушчыльную працавалі супрацоўнікі міліцыі, Следчага камітэта. Але не паспеў хлопец выйсці за сцены міліцэйскага будынка, як украў у доме ў знаёмага грошы – 400 000 рублёў. Выходзіць – гэта чацвёртая крымінальная справа, ва ўзбуджэнні якой таксама адмоўлена – злачынец жа малалетні.

Матэрыялы па ўсіх фактах крадзяжоў былі разгледжаны на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх. Матуля падлетка атрымала штраф – 1 800 000 рублёў. На той момант, калі прымалі рашэнне аб хадайніцтве для накіравання хлопца ў спецустанову, падлетак знаходзіўся на абследаванні ў рэспубліканскім псіхіятрычным цэнтры. Камісія прыняла рашэнне, але сваё слова ў гэтым няпростым выпадку павінны сказаць і медыкі. Сапраўды, чым патлумачыць тое, што ў паводзінах пяцікласніка, з якім у школе працавала ў тым ліку і вопытнейшы псіхолаг, нічога не мяняецца, і яго самога ўжо называюць некіруемым?.. Чаму ён, нібыта мацёры драпежнік, у адзіночку ідзе на злачынствы?.. Што штурхае яго трымаць у напружанні цэлы клас?.. Пытанняў узнікае сапраўды шмат.  

Работа з сям’ёй гэтага падлетка вядзецца фактычна з 2013 года. Напрамую задзейнічана ў ёй не толькі школа, а і інспекцыя па справах непаўналетніх, іншыя суб’екты прафілактыкі. З-за дывіянтных паводзінаў, схільнасці да бадзяжніцтва хлопец знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі, ён прызнаны паўторна ў сацыяльна небяспечным становішчы. Для выйсця з гэтай сітуацыі распрацаваны план работы з сям’ёю (бацькі дзіцяці не жывуць разам, у яго ёсць айчым і малодшая сястрычка). Нельга сказаць, што матуля не стараецца для сына – ён апрануты і дагледжаны не горш за іншых дзяцей у школе, – але, здаецца, і ў яе ўжо апускаюцца рукі перад такім выпрабаваннем…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *