Рыхтуемся да свята

Захапленні Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

21-12-2015-15

РАЖДЖЭСТВЕНСКАЯ ФІЕСТАЧКА

Новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс становіцца месцам прыемнага правядзення часу для стаўбцоўскіх сем’яў. Гэта паказала і мінулая нядзеля, якая сабрала вечарам стаўбчан на дзіцячы конкурс «Ражджэственская фіестачка». Спартыўная зала ФАКа гасцінна прыняла маленькіх удзельнікаў, якія займаюцца спартыўным бальным танцам. Трыбуны занялі бацькі са сваімі старэйшымі і меншымі дзеткамі, прадстаўнікі старэйшага пакалення сем’яў.

Некалькі месяцаў, як у нашым горадзе на базе СШ № 3 трэнеры сталічнай дзіцячай школы спартыўнага танца «Фіеста» вядуць заняткі з дзецьмі малодшых класаў. Конкурс дазволіў ва ўсёй красе паказаць дзетак, бацькі маглі палюбавацца імі, паглядзець, чаму яны навучыліся. Спартыўны бальны танец прадугледжвае выкананне нумара ў пары. Пашанцавала  дзяўчынкам, якім хапіла хлопчыкаў, а іншым прыйшлося танцаваць адна з другой. Усё роўна было вельмі прыгожа. Дзеці былі ў туфлях для бальных танцаў і ў пышных кароткіх спаднічках,  хлопчыкі – з бабачкамі.

Ля навагодняй ёлкі конкурс адкрыла іскрамётнае прыгожае выступленне шматразовых фіналістаў чэмпіянатаў свету і Еўропы, майстроў спорту, членаў зборнай каманды Рэспублікі Беларусь Ягора Савостава і Яны Жыгалка. Для пачынаючых маленькіх танцораў і іх бацькоў гэта быў прыклад, якіх вышынь можна дасягнуць, займаючыся спартыўным бальным танцам.

Конкурс быў пабудаваны так, што танцавальныя пары выходзілі пад нумарам і ў сваёй групе. Усяго было каля 50 удзельнікаў. Паглядзець, чаму навучыліся «пачынашкі» за гэты час, было вельмі цікава.

Трэнеры ўмеюць выдатна працаваць з дзецьмі. Прысутныя атрымалі вялікае задавальненне ад выканання конкурснай праграмы маленькімі танцорамі. Ім давялося не адзін раз выйсці ў залу. Усе пары так стараліся, што іх выступленне не псавала нават тое, што хтосьці памыляўся ці не паспяваў за музыкай. Таму арганізатары конкурсу, зразумела, нікога не пакінулі без узнагароды. Яны падрыхтавалі ім медалі – бронзавыя, сярэбраныя і залатыя – і падарункі. Пасля цырымоніі ўзнагароджання Ягор Савостаў і Яна Жыгалка ў прыгожых сцэнічных касцюмах падарылі гледачам яшчэ адзін прыгожы танцавальны нумар.

Удзельнікі гэтага цудоўнага дзіцячага шоу былі пад уражаннем і ад выступлення, і ад атмасферы, і ад самой залы новага ФАКа, інтэр’ера комплексу. Віншуючы дзяцей, усе дзяліліся паміж сабою ўражаннямі, выказваючы задавальненне ад таго, што фізкультурна-аздараўленчы комплекс прадастаўляе магчымасць стаўбцоўскім сем’ям вось так прыемна правесці час і адпачыць. А галоўнае, што ў нашым невялікім горадзе з’явілася больш магчымасцяў для развіцця талентаў дзяцей і далучэння іх да актыўных карысных заняткаў, як і танцавальны спорт. Запрашаючы дзяцей у чароўную краіну танца, трэнеры абяцаюць хлопчыкам і дзяўчынкам прыгожую і правільна сфарміраваную фігуру, належны мышачны карсет, высокую агульнафізічную падрыхтоўку, уменне арганізаваць сябе, навучыцца паважлівым зносінам хлопчыкаў з дзяўчынкамі, а таксама акружыць сябе радаснымі, рухомымі, энергічнымі і вясёлымі равеснікамі. Для кагосьці гэтыя заняткі могуць вызначыць і прафесійны накірунак, спартыўную кар’еру.

Як паведамілі трэнеры школы спартыўнага бальнага танца, са студзеня заняткі з дзецьмі будуць праводзіцца на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

 Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Яўгена КРЫВЯЛЯ

 

ДОБРЫМ ЛЮДЗЯМ – ДОБРАЕ СЛОВА

Да нас  у рэдакцыю зайшоў стаўбчанін Валерый Красоўскі. Валерый Яўгенавіч падзяліўся ўражаннямі ад першага наведвання фізкультурна-спартыўнага комплексу – з сынам яны пайшлі паплаваць у басейне. Гэтыя ўражанні былі настолькі кранальныя для яго, што ён папрасіў праз газету выказаць словы ўдзячнасці людзям, якія ў тую змену працавалі.

Інвалід дзяцінства Валерый Красоўскі сілаю духу сумеў  пераадолець нязручнасці, звязаныя з інваліднасцю, і ні ў чым не саступае здаровым людзям, чым заслугоўвае вялікую павагу. Аднак у басейне ён павінен быў надзець купальны касцюм, таму стаў непакоіцца аб тым, каб не звяртаць на сябе ўвагі іншых: яму было б не зусім камфортна ад цікаўных позіркаў. Ён звярнуўся да супрацоўнікаў комплексу з просьбай пайсці яму насустрач і адступіць ад некаторых правілаў. Супрацоўнікі з вялікай увагай аднесліся да чалавека, з радасцю забяспечылі яму тую абстаноўку, аб якой ён прасіў.  Дзяжурылі ў гэты вечар медсястра Алена Паўлюшчык, інструктар па плаванні Аляксандр Саркісаў, адміністратар Лілія Каралецкая, дыспетчар Святлана Максімовіч, дзяжурная па зале Таццяна Кавальчук, прыбіральшчыца Святлана Ключнік. Іх адносіны да справы і чуласць, этыка і беражлівыя адносіны да чалавека – добры прыклад для пераймання.

Адносна Валерыя Красоўскага трэба сказаць, што, нягледзячы на інваліднасць, ён актыўна займаецца спортам. Удзельнічаў у спаборніцтвах па плаванні і іншых відах спорту. У аб’яднанні камунальных службаў Валерый Красоўскі  займае пасаду начальніка ўчастка па добраўпарадкаванні. На ўсіх турнірах, спаборніцтвах, спартакіядах Валерый Яўгенавіч адстойвае гонар свайго прадпрыемства. У гэтым годзе на абласной спартакіядзе заняў першае месца па настольным тэнісе. Пры ўручэнні ўзнагарод журы даведалася, што гэты выдатны спартсмен мае інваліднасць рукі і нагі – жыве з куксай. Уражанае журы аб’явіла гэта. Усе ўдзельнікі спартакіяды ўсталі з крэслаў і віталі пераможцу стоячы. Валерый Яўгенавіч не стрымаў слёз.

Пажадаем яму, каб і надалей яго акружалі сардэчныя людзі, каб яго жыццё было афарбавана ў светлыя колеры, каб быў настрой, сілы пераадольваць усе цяжкасці.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *