Будні і святы ТАА СЖК «Налібакі»

Нумары Сельская гаспадарка Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

23-12-2015-21

«КАЛЕКТЫЎ ЗДОЛЬНЫ НА МНОГАЕ»

Сёлетні год для нашых работнікаў выдаўся неблагім, і калектыў завяршае яго з высокімі паказчыкамі. Жывёлаводы працавалі з поўнай аддачай і перасягнулі васьмітысячны рубеж па надоях малака ад каровы. Самы высокі вынік у жывёлаводаў МТФ «Церабейнае», якія ўшчыльную набліжаюцца да паказчыка 8,5 тысячы кілаграмаў. Ад рэалізацыі малака ўжо маем прыбытак звыш шасці мільярдаў рублёў. Павялічыліся на 15 працэнтаў прывагі буйной рагатай жывёлы пры высокай яе захаванасці. Здолелі прырасці ў вытворчасці малака і мяса дзякуючы спецыялістам і радавым працаўнікам, іх жаданню і ўменню працаваць.

І ў раслінаводстве плён працы відавочны. Умацавалася кармавая база, больш нарыхтавалі кармоў на ўмоўную галаву жывёлы. Сёлета пасеялі 200 гектараў збожжавых і на нашых тарфяніках атрымалі на круг па 50 цэнтнераў. Працягвалася рэканструкцыя памяшканняў, у прыватнасці, былой свінагадоўчай фермы. На даны момант, з улікам мінулагодняга будаўніцтва, на ферме налічваецца 800 галоў жывёлы.

У далейшых планах правесці рэканструкцыю пад беспрывязное ўтрыманне жывёлы з устаноўкай даільнай залы. Пагалоўе павялічваецца, на сёння яно складае звыш чатырох тысяч галоў, таму на будучы год ёсць патрэба ў будаўніцтве новых сянажна-сіласных траншэй для захоўвання кармоў. Пасля рэарганізацыі, якая працягнецца ў наступным годзе, істотна дабавіцца ворыўнай зямлі. Гэта дазволіць вырошчваць збожжа для вытворчасці камбікармоў, залужыць пашы, мець сенажаці для нарыхтоўкі травяных кармоў, а значыць, стане таннейшай кармавая адзінка. Зразумела, будзем і надалей нарошчваць вытворчасць прадукцыі. Наш калектыў здольны на многае.

На пасадзе галоўнага заатэхніка Уладзімір Чарняўскі рупіцца на працягу пятнаццаці гадоў.  Дзякуючы яго ўменню належным чынам арганізавана работа ў жывёлагадоўчай галіне і ладзяцца справы. Таварыства па-ранейшаму на перадавых пазіцыях у раёне па вытворчасці малака, «свеціцца» ў вобласці і ў рэспубліцы. Жывёлаводы набралі высокія тэмпы і, па ўсім відаць, у наступным годзе паказчыкі не зменшацца.

– Плюсаваць мы будзем, хоць многа прыбавіць пакуль не атрымаецца, – гаворыць Уладзімір Іосіфавіч. – Нямала застаецца нявырашаных пытанняў, але людзі стараюцца. Кадры ў нас вопытныя і сумленныя, з вялікім стажам работы. Кіраўніцтва таварыства стараецца ствараць жывёлаводам належныя ўмовы працы і адпачынку. У перспектыве мадэрнізацыя вытворчасці.

Немалая роля ў дасягненні высокіх вынікаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі належыць і прафсаюзнаму камітэту таварыства. Узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю Міраслаў Грыгаровіч.

– Пяты год, як мы стварылі пярвічку і работнікі з задавальненнем зноў уступілі ў рады грамадскай арганізацыі, – расказвае Міраслаў Лянгінавіч. – Разам з кіраўніцтвам таварыства мы пастараліся разнастаіць працоўныя будні  людзей і іх вольны час. Кажучы простымі словамі, жыццё вяскоўцаў стала весялейшым. Разам адпачываем. Штогод арганізоўваем за кошт прафсаюзных сродкаў экскурсійныя паездкі не толькі па знакамітых мясцінах Беларусі, а і за мяжу. Нашы работнікі пабывалі ў Адэсе, Санкт-Пецярбургу, наведалі Нясвіжскі і Мірскі замкі. Напрыканцы снежня запланавана экскурсія ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Закупляем білеты на канцэрты. Аказваем матэрыяльную дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу, ушаноўваем юбіляраў. На навагоднія святы віншуем жывёлаводаў непасрэдна на фермах. Ладзім карпаратывы. Для працаўнікоў і іх дзяцей закупляюцца навагоднія салодкія падарункі, дадаткова – прадуктовыя наборы.  Сустрэць Новы год усіх сяльчан мы гасцінна запрашаем на навагоднюю ёлку, якую ўстанаўліваем разам з сельвыканкамам. Навагодняе прадстаўленне з удзелам мясцовых работнікаў культуры праходзіць з феерверкам, Дзедам Марозам і Снягуркай. Людзі дзякуюць нам за  ўвагу.

На малочнатаварнай ферме «Цэнтр» брыгадзірам працуе Ірына Жвірбля (на здымку справа). Калектыў дбайных жывёлаводаў займае другое месца ў таварыстве па надоях малака. З пачатку года ў сярэднім ад кожнай каровы тут атрымана  7624 кілаграмы малака. На гэтай ферме рупіцца аператарам машыннага даення Алена Вялічка (на здымку ў цэнтры), якая лідзіруе ў гаспадарцы сярод сваіх калег – яе паказчык па надоях малака ад каровы  да канца года складзе прыкладна 8700 кілаграмаў. Дарэчы, практычна на такі ж паказчык выходзіць і Святлана Рынкевіч з МТФ «Церабейнае». У Алены Уладзіміраўны стаж работы ў гэтай прафесіі налівае чвэрць стагоддзя. Брыгадзір фермы адзначае, што гэтая жанчына адносіцца да сваіх абавязкаў з поўнай адказнасцю. Тэхнікам-асемянатарам на ферме шчыруе праслаўленая ў нядаўнім мінулым даярка Валянціна Мусік (на здымку злева). І на гэтай адказнай рабоце справы ў Валянціны Іосіфаўны таксама ладзяцца. Дзякуючы і яе ўменню аднаўленчая работа ў таварыстве пастаўлена на самы высокі ўзровень. Сведчанне таго, што і ў будучым гаспадарка будзе з малаком. Нярэдка наведваецца на ферму галоўны ветурач Вячаслаў Вільнявец. Менавіта зладжаная работа спецыялістаў усіх узроўняў дае плён.

Галіна Чыжэўская працуе аператарам машыннага даення на МТФ «Целяхі». Раней, да закрыцця свінафермы, восем гадоў шчыравала там жывёлаводам. Кіраўніцтва таварыства адзначае выключную працавітасць жанчыны. Яна не толькі сваю работу як след выканае, але і заменіць калегу, калі ёсць такая патрэба. Тры гады, як яна прыняла групу кароў. Вопыт у гэтай справе мела і работай задаволена. З году ў год пацвярджае званне адной з лепшых даярак. Толькі вось спачатку было цяжкавата. Як-ніяк, а сто кароў налічваецца ў групе. Але жанчына справілася і паказвае прыклад у рабоце іншым.

Паступова нарошчваюць вытворчасць малака жывёлаводы МТФ «Целяхі», якія мэтанакіравана набліжаюцца да васьмітысячнага рубяжу. Сярод аператараў машыннага даення вылучаецца Алеся Дубіцкая, якая з году ў год дабіваецца высокіх паказчыкаў у рабоце.  Алеся лічыць, што высокі вынік дасягаецца не толькі яе рупнасцю, а і зладжанай работай усёй зааветэрынарнай службы. Многае залежыць ад тэхніка-асемянатара. Работу гэтую выконвае Святлана Даргевіч.  Святлана Чаславаўна працавала даяркай, а апошнія тры гады асемяняе кароў.  Вынікі жанчына  мае даволі высокія і лічыцца ў сваёй прафесіі адной з лепшых у раёне.

– На ферме працуюць сумленныя і адказныя людзі, – гаворыць брыгадзір Павел Юргель. – Моцная ў нас дысцыпліна. Пастаянна падтрымліваецца парадак. Кожны на сваім месцы стараецца, таму і паказчыкі відавочныя.

Ладзяцца справы ў аператара машыннага даення МТФ Алены Гаптар. Алена Іосіфаўна атрымала сёлета самую высокую прыбаўку – надаіла ад кожнай каровы па восем тысяч кілаграмаў малака і мае плюс звыш 800 кілаграмаў. Працаўніца расказвае, што поспех абумоўлены некалькімі  фактарамі, сярод якіх увод у статак пяршачак і дастатковая колькасць кармоў.  Разам з Аленай Іосіфаўнай на ферме працуе жывёлаводам і сын.

Механізатар Антон Маскалевіч працуе ў гаспадарцы на працягу трыццаці гадоў. Пасля заканчэння школы ён не раздумваў, якую прафесію выбраць – пайшоў вучыцца на трактарыста. Яго бацька таксама ўсё працоўнае жыццё шчыраваў на трактары. У тым, што жывёле на зімоўку нарыхтавана дастатковая колькасць кармоў, немалая заслуга Антона Маскалевіча.

Надзея БАТАЛКА

 Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *