Пленэр у гістарычным Нясвіжы

Маладыя таленты Стаўбцоўшчыны паспяхова паўдзельнічалі ў ХІ Міжнародным конкурсе-пленэры юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука, які ўжо многія гады праходзіць у Нясвіжы.

Умовамі конкурсу было прадугледжана дэлегаванне толькі двух удзельнікаў з адной установы. Выпаў гонар паўдзельнічаць у прэстыжным пленэры вучаніцам Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Надзеі Харламавай (выкладчык С. К. Калкоўская) і Анастасіі Маскаленчык (выкладчык А. В. Зянько). Дзякуючы таму, што аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама выдзеліў транспарт, была скарыстана магчымасць заняць усе месцы ў аўтобусе. Таму на пленэры малявалі яшчэ і Софія Нікалаева, Дар’я Гамза, Ксенія Супрун, Карына Суднік, Софія Клімко, Валерыя Капяльян, Паліна Камёнка. Хоць яны працавалі па-за рамкамі конкурсу, аднак работа з пэндзлем на ўлонні прыроды на працягу некалькіх дзён спрыяла набыццю вопыту, развіццю ўменняў і ўнутранаму творчаму настрою. Тым больш што арганізатары конкурсу паклапаціліся правесці насычаную культурную праграму для ўдзельнікаў пленэру, сярод якіх былі юныя таленты не толькі з усіх абласцей Беларусі, але і Расіі, Украіны, Літвы. Дзеці і іх настаўнікі здзейснілі экскурсію па палацава-замкавым комплексе Радзівілаў, пабылі ў салоне-галерэі «Скарбніца», наведалі выставу ў інфармацыйна-касавым цэнтры. Моцнае ўражанне выклікалі экспазіцыі ў кватэры-музеі мастака Міхаіла Сеўрука, у гонар якога і названы нясвіжскі конкурс-пленэр.

Урачыстым было адкрыццё і закрыццё конкурсу, асабліва для Анастасіі Маскаленчык, якая ўдастоена за свае работы дыплома ІІІ ступені.

Святлана ЖЫБУЛЬ




Аркестр на міжнародным фестывалі

Заслужаны аматарскі калектыў духавы аркестр «Віціны» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў працягвае ўдзельнічаць у міжнародным нямецка-польска-беларускім праекце. Маладзёжны склад аркестра здзейсніў паездку ў Польшчу, дзе ў горадзе Лобез паўдзельнічаў у конкурсе-фестывалі нацыянальных культур. Удзельнікі міжнароднага конкурсу зайшлі ў рэдакцыю, каб падзяліцца ўражаннямі аб паездцы.

Аляксандр НІЧЫПАРОВІЧ, мастацкі кіраўнік і дырыжор Заслужанага аматарскага калектыву духавы аркестр «Віціны«:

– Гэты конкурс нацыянальнай музыкі і духавых аркестраў у Лобезе традыцыйны. Сёлета ў ім на працягу трох дзён удзельнічала звыш 600 чалавек. У фестывалі прымалі ўдзел не толькі аркестры розных краін, польскія хары, іншыя песенныя калектывы, але і майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Працавала багатая выстава, на якой былі прадстаўлены практычна ўсе рамёствы Шчэцінскага ваяводства. Упраўленне культуры ваяводства паклапацілася запрасіць у журы вядомых музыкантаў, прафесараў музыкі. Гэта не першая паездка маладзёжнага складу нашага аркестра на такія фестывалі, фінансавыя выдаткі на праезд, пражыванне, харчаванне ў рамках сумеснага міжнароднага праекта бярэ на сябе Еўрасаюз.

Уладзімір ТАТАРЫЦКІ, выкладчык школы мастацтваў:

– Падчас фестывалю ўдзельнікам з розных краін была выстаўлена ўмова прадставіць не толькі нацыянальную музыку, але і нацыянальныя спевы. І нам давялося за суткі падрыхтаваць конкурсную праграму. Так стварыўся новы песенны калектыў «Купалінка». Мы не бралі на фестываль баян ці акардэон. Нашы сябры з Польшчы далі нам выдатную гітару. Дзякуючы нашай таленавітай моладзі мы сумелі прэзентаваць праграму, якая была на ўра ўспрынята гледачамі – іх у зале было больш за тысячу чалавек. У склад ансамбля пад маім кіраўніцтвам увайшлі Дзмітрый Вяршэня, Валянціна Ляхоўская, Генадзь Варанко. Мы выканалі «Купалінку» і «Цячэ вада ў ярок». Выступленне ансамбля было высока ацэнена, мы атрымалі дыплом міжнароднага ўзору.

Аляксей ЖЫВІЦКІ:

– У складзе духавога аркестра я не першы раз ужо ўдзельнічаю ў такіх фестывалях. Кожны раз можна паслухаць, як іграюць твае равеснікі з іншых краін. У іх іншая культура, іншая ігра, іншы падыход. Вельмі цікава пазнаёміцца. Яркія ўражанні пакідаюць сумесныя рэпетыцыі. Мы пражываем з імі ў адным сядзібным комплексе, маем магчымасць зносін. Рэпетыцыйны працэс адметны і тым, што мы маем магчымасць іграць з рознымі дырыжорамі. Вельмі цікавы вопыт. На гэтым фестывалі, з якога мы толькі што вярнуліся, мы далі два канцэрты – у спарткомлексе з тысячнай залай і на кірмашы. Было прадстаўлена шмат нацыянальных музычных і песенных калектываў. Наш аркестр удзельнічаў у марш-парадзе духавых аркестраў.

Інга МІЛІСТФЕР:

– Я першы год іграю ў аркестры на ўдарных інструментах. Пасля заканчэння ўніверсітэта культуры я вярнулася працаваць у сваю родную школу мастацтваў, выкладаю ўдарныя інструменты. Такія паездкі за мяжу цікавыя і карысныя для нас тым, што можна пазнаёміцца з маладымі музыкантамі розных краін, паіграць разнастайны рэпертуар пад кіраўніцтвам розных дырыжораў. А заадно мы дзелімся з імі сваім репертуарам. Мы атрымліваем каштоўны вопыт.

Валянціна ЛЯХОЎСКАЯ:

– Я таксама выпускніца Стаўбцоўскай дзіцячай  школы мастацтваў, выкладаю фартэпіяна, з’яўляюся і канцэртмайстрам. Я шчаслівая, што маю магчымасць іграць у аркестры. Мне дапамагае вопыт, які я атрымала, іграючы ў аркестры музычнага каледжа, дзе вучылася. У аркестры «Віціны» я іграю на клавішных, на сінтэзатары. Выдатна, што ёсць такія міжнародныя праекты, якія аб’ядноўваюць не толькі моладзь, але і народы, культуру. У нас склаўся дружны калектыў, адзін аднаму дапамагаем, проста цудоўны калектыў, не хочацца развітвацца, хочацца пастаянна быць разам.

Аляксандр НІЧЫПАРОВІЧ:

– Хочацца зрабіць такое рэзюмэ. Мае калегі з-за мяжы гавораць мне: «І дзе ты бярэш такую залатую моладзь?» Мне вельмі прыемна гэта чуць.

За прафесіяналізм і высокае выканальніцкае майстэрства журы фестывалю ўзнагародзіла аркестр і песенны калектыў дыпломамі. Аляксандр Нічыпаровіч атрымаў падзяку, выкананую ў выдатным афармленні. Падзячныя пісьмы арганізатараў міжнароднага фестывалю-конкурсу накіраваны начальніку галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Таццяне Хмель і старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Дзянісу Колясеню.

Святлана ЖЫБУЛЬ




Патэнцыял прадпрыемстваў і парадак на вуліцах

Сёння ў добраўпарадкаванні Стоўбцаў і сельскіх населеных пунктаў раёна бяруць удзел140 суб’ектаў гаспадарання. Такі падыход практыкуецца не першы год, і ён паказаў сваю эфектыўнасць.

За кожным з гэтых суб’ектаў гаспадарання, згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта № 364 ад 30.03.2018, замацаваны тэрыторыі, аб’екты і вуліцы г. Стоўбцы і Стаўбцоўскага раёна. На нядаўнім пасяджэнні райвыканкама разгледжана якасць выканання гэтага рашэння, і, акрамя таго, з улікам праведзеных маніторынгаў унесены ў яго некаторыя змяненні і дапаўненні.

З прэзентацыяй па даным пытанні выступіў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Ігар Кунцэвіч.

Развіваючы тэму, неабходна звярнуцца да рэспубліканскага семінара «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны», які праходзіў у кастрычніку 2017 года і на якім Прэзідэнт краіны дакладна акрэсліў як асноўныя праблемы ў добраўпарадкаванні, так і патэнцыяльныя спосабы яго ажыццяўлення. «Нельга дапусціць безадказнасці пры навядзенні парадку ў населеных пунктах. Работа па добраўпарадкаванні нашых гарадоў і вёсак – гэта задача не толькі камунальнікаў. У нас школы, заводы, фабрыкі, проста прыватныя прадпрыемствы размешчаны на ўчастку зямлі, у кожным гарадскім квартале. Дык замацуйце за імі тэрыторыі, і няхай яны там пастаянна наводзяць парадак», – заклікаў Прэзідэнт.

Даная ўстаноўка рэалізавана на Стаўбцоўшчыне праз вышэйназванае рашэнне райвыканкама. Ход яго выканання кантралюе санітарная служба. У раёне вызначаны другі і чацвёрты чацвер месяца, якія лічацца санітарнымі днямі.

На вуліцы Першамайскай у Стоўбцах ёсць фронт работ для філіяла маторнага завода

Большасць прадпрыемстваў і арганізацый раёна з усёй адказнасцю падыходзяць да навядзення парадку на замацаваных вуліцах, знаходзяць магчымасць, нягледзячы на напружаны вытворчы рытм, своечасова накіроўваць на іх уборку  работнікаў і неабходную тэхніку. Сярод іх – Стаўбцоўскія электрычныя сеткі (дырэктар У. В. Рублеўскі), Стаўбцоўская ПМК (А. М. Пашкевіч), мясакансервавы камбінат (Р. Б. Бурдукевіч), лясгас (Г. В. Кажушка), ЦРБ (С. З. Глебка), райаддзел па надзвычайных сітуацыях (В. В. Ілюшын), Стоўбцыгаз (І. В. Шпілеўскі), хлебапрыёмнае прадпрыемства (М. В. Пуляк), Стаўбцоўскі ўчастак Валожынскага філіяла ДП «Мінскаблпаліва» (В. П. Янушкевіч), упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама (Л. М. Стонька), ДБУ № 29 (С. І. Лысы), аўтапарк № 17 (І. М. Бычкевіч), Стоўбцыгазбуд (Д. А. Кудрэвіч), Стаўбцоўскі філіял Гарадзейскага цукровага камбіната (Я. Я. Буйніцкі).

Завулак Таварны ў Стоўбцах. Дзе каса прадпрыемства «РН-Запад»?

Варта вылучыць і прыватныя прадпрыемствы, якія не стаяць убаку і актыўна займаюцца пытаннямі навядзення парадку на замацаваных тэрыторыях. Гэта  «НадеждаТоргПлюс» (Т. Н. Яўсейчык), «Лана-Торг» (А. С. Шпадарук), «ЛАТ-ТЕХ» (А. П. Латушка), «Ванисторг» (В. М. Сазановіч), «Явар Плюс» (В. І. Шэга), «Мікафлора» (А. Д. Астрэйка), «ТулейкаТорг» (І. А. Тулейка), «Джэмторг» (В. А. Турко), «Нёман-альфа» (Г. А. Сей).

Адзначаны ўклад такіх індывідуальных прадпрымальнікаў, як І. С. Пяткевіч, А. А. Шкода,  Д. А. Сотнікаў, С. І. Клімовіч, Ю. В. Сінянкоў, І. А. Каспяровіч, С. А. Лапко, Д. А. Пальчэўскі, В. Х. Мышко, А. А. Сазон, В. В. Сагайдакевіч.

Пра парадак на пустцы за магазінам «Дзіцячы свет» у райцэнтры трэба паклапаціцца Райспажыўтаварыству

На даны момант найбольш актуальныя задачы – гэта своечасовае абкошванне тэрыторый і вуліц, уборка ад вулічнага змёту. У гэтым плане ўказана на недастатковую работу кіраўніцтву філіяла «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі, райспажыўтаварыства, ДРБУ № 135, Стаўбцоўскага АКС, ПМК-233, рамонтна-механічных майстэрань станцыі Стоўбцы, ДЮСШ, гандлёвага цэнтра «Арманда», прадпрыемстваў – «Агранёманскі», «Аграмашзапчастка», «Фрэор Рэфрыгерайшн», «СлаўАўталюкс», «Колас Лагістык», а таксама індывідуальнаму прадпрымальніку В. В. Жыбуль.

Не абкошана тэрыторыя, што прылягае да прадпрыемства «Фрэор Рэфрыгерайшн»

Ацэнку таму, як вядзецца работа па навядзенні парадку, можа даць і кожны з нас. Калі ідзеш па чыстай вуліцы, то і настрой адпаведны, стваральны.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ




Па сучасных тэхналогіях

У дырэктара ААТ «Вішнявецкі-агра» Івана Краўчука шмат задум у плане будаўніцтва і рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў, рэалізацыя якіх дазволіць не толькі атрымліваць вышэйшыя вынікі ў вытворчасці малака і мяса, але і адначасова палепшыць умовы ўтрымання жывёлы, аблегчыць працу жывёлаводаў.

Адзін з праектаў рэалізуецца гэтымі днямі на МТК «Вішнявец», дзе будуецца прафілакторый для нованароджаных цялят. Як вядома, вырошчванне здаровага маладняку – адна з найважнейшых і даволі складаных задач у жывёлагадоўлі. Менавіта таму кіраўнік і прыкладае старанні для таго, каб пабудаваць памяшканне з максімальным выкарыстаннем сучасных тэхналогій.

Дырэктар Іван Краўчук абмяркоўвае вытворчыя пытанні з брыгадзірам МТК «Вішнявец» Марыяй Талака (у цэнтры)і спецыялістам па ідэалагічнай рабоце Ганнай Трафіменка

– Аналагаў прафілакторыю, які будуем, няма, – гаворыць Іван Васільевіч. – Існуюць тыпавыя праекты. Наш – індывідуальны, своеасаблівы, і мы акумулявалі ў ім лепшыя напрацоўкі будаўніцтва такіх аб’ектаў. Падвялі ўсе камунікацыі. Забяспечым падаграванне вады. Летам будзем выкарыстоўваць альтэрнатыўную крыніцу энергіі – геліясістэму  (сонечны калектар), а на зіму набудзем бойлер. Будаўніцтва эксперыментальнае. Пры неабходнасці ў далейшым будзем праводзіць мадэрнізацыю.

Усе асноўныя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца для будаўніцтва, акрамя піламатэрыялаў, другасныя. Металічныя канструкцыі, пластмасавыя рашоты гноевыдалення, веснічкі для клетак і іншае – усё засталося пасля ліквідацыі былога свінатаварнага комплексу.

У новабудоўлі вядуцца ўнутраныя мантажныя работы

Па такім жа прынцыпе ўзвядуць прафілакторый і на МТФ «Вішнявец». На МТФ «Мархачоўшчына № 2» працягваецца будаўніцтва даільнай залы, дзе будзе ўстаноўлена малочнае абсталяванне «Вестфалія». Плануюць пачаць і завяршыць сёлета будаўніцтва яшчэ аднаго «клюшачніка». Абодва жывёлагадоўчыя памяшканні з’яднае галерэя. Летась прабурылі новую свідравіну і вядуць на гэтую ферму водаправод. На жывёлагадоўчай ферме «Мархачоўшчына № 1» падрыхтавана пляцоўка на ўзвядзенне дзвюх новых сянажна-сіласных траншэй.




Кацярына Кажамяка ўжо дзесяць гадоў працуе на МТФ «Ячнае № 2» ПДСУП «Профі-Агра-цэнтр»

Кацярына Кажамяка працуе аператарам машыннага даення на МТФ «Ячнае № 2» ПДСУП «Профі-Агра-цэнтр». Прыехала ў раён з Віцебскай вобласці. Як расказвае Кацярына Аляксандраўна, вырасла яна ў горадзе, але воляй лёсу (выйшла замуж за мясцовага хлопца) пераехала жыць у вёску. Па першым часе жанчына была занятая дамашнімі клопатамі, гадавала дзяцей. На працу ў гаспадарку прыйшла дзесяць гадоў назад. Да работы здатная, яна хутка асвоіла прафесію і мае высокія паказчыкі па надоях малака ад каровы. Кацярына Кажамяка вылучаецца ў калектыве жывёлаводаў асаблівым стараннем. Яна прымала ўдзел у злётах перадавых аператараў машыннага даення сельгаспрадпрыемстваў раёна, яе заахвочвалі падзячнымі пісьмамі райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункамі.




Дар Святой Эўхарыстыі

У апошнюю нядзелю мая парафія святога Казіміра ў Стоўбцах  адзначыла радасную і ўрачыстую падзею: 30 маленькіх вернікаў упершыню ў сваім жыцці прынялі Святую Камунію.

На працягу двух гадоў хлопчыкі і дзяўчаткі рупліва рыхтаваліся да ўрачыстасці: вучылі малітвы, разважалі аб Слове Божым, стараліся зразумець і палюбіць Хрыста ўсім сэрцам.

Папярэднічала Святой Імшы суботняя споведзь дзяцей, а таксама іх бацькоў і хросных. А ў доўгачаканы дзень дзяўчаткі ў белых прыгожых сукенках знаходзіліся поруч з прыбранымі хлопчыкамі ў святыні, якая была дэкарыравана мноствам белых кветак. Сэрцы маленькіх вернікаў з нецярпеннем чакалі Езуса ў выглядзе белай Гостыі.

Першую Камунію ўдзяліў дзецям і павіншаваў з гэтай вялікай падзеяй у іх жыцці дэкан і пробашч ксёндз Ігар Лашук. Святар заклікаў бацькоў быць годнымі сведкамі веры для сваіх дачок і сыноў, дапамагаць ім развіваць еднасць з Езусам Хрыстом, клапаціцца пра іх духоўнае развіццё. Запомніцца дзецям і стол з ласункамі, накрыты ў гэты дзень спецыяльна для іх у палатцы насупраць касцёла.

Пасля Першай Камуніі ў маленькіх парафіян быў «белы тыдзень», на працягу якога яны кожны дзень у белым адзенні хадзілі ў касцёл дзякаваць за дар Святой Эўхарыстыі. Дык няхай жа такая важная падзея стане відавочным знакам прысутнасці Хрыста ў Яго Касцёле і ў жыцці дзяцей!

Ганна БЫЧЫНСКАЯ

Фота Аляксандра ПЯТРОВА




Последние звонки прошли на Столбцовщине (много фото+видео)

30 мая в учреждениях образования Столбцовского района прошли мероприятия, посвященные последнему звонку. Pramen-new.by заглянул в местные школы и подготовил фоторепортаж.

Гимназия №1 г. Столбцы

Средняя школа №2 г. Столбцы

Средняя школа №3 г. Столбцы

Столбцовский район

Вишневецкая средняя школа

Вишневецкая средняя школа

Рочевичский УПК детский сад-средняя школа

Нововёсковская средняя школа

Деревнянская средняя школа

Старосверженская средняя школа

Шашковская средняя школа

Шашковская средняя школа

Засульская средняя школа

Засульская средняя школа

Засульская средняя школа

ФОТО:

Гимназия №1 — Евгения СЛЕСАРЧИК

СШ №2 — Ксения РУБИН

СШ №3 — Светлана Жибуль