«Альтэрнатыўнік» Арцём Паўлянок праходзіць службу ў цэнтральнай раённай бальніцы

«Альтэрнатыўнік» Арцём Паўлянок праходзіць службу ў цэнтральнай раённай бальніцы Арцём Паўлянок родам са Светлагорска, але вось ужо год і сем месяцаў знаходзіцца ў Стоўбцах – праходзіць на базе цэнтральнай раённай бальніцы альтэрнатыўную цывільную службу. «Засталося год і пяць месяцаў», – падлічвае Арцём час да завяршэння. Яго настрой нічым не выдае, што служба для яго цяжар. Акуратны, усмешлівы і пунктуальны. Замест салдацкай вопраткі на ім – звычайны рабочы камбінезон, замест салдацкіх ботаў – красоўкі.

Мы сустрэліся на тэрыторыі бальніцы, прыселі на лавачку. Арцём папярэдзіў, што ў дванаццаць яго чакае калега, Лілія Антонаўна, добры чалавек. Размова пайшла лёгка, без напружання. Я задавала Арцёму пытанні, а ён на іх грунтоўна і шчыра адказваў.

Служба з панядзелка да пятніцы

– Асноўная мая работа – грузчык на харчблоку. Займаюся таксама прыёмам другаснай сыравіны, – тлумачыць Арцём. – Рабочы дзень пачынаецца ў 07.44, заканчваецца ў 18.20.  Працую з панядзелка па пятніцу. Рабочы тыдзень, згодна з законам «Аб альтэрнатыўнай службе», складае 48 гадзін. З 13.00 да 14.00 – абед.

У асобныя дні бывае шмат работы. Напрыклад, у панядзелак прывозяць малако. Разгружаю скрыні з машыны на ліфт, з ліфта выгружаю ў халадзільнік.

– Мяркуючы па цяжкасці скрыняў, служба ў вас нялёгкая…

– Напэўна, чулі пра двух салдат са «стройбата», якія заменяць экскаватар?.. Гэта, зразумела, жарт. Шчыра кажучы, я чакаў, што будзе горш. Цяжкавата было толькі спачатку… Цяпер я ўжо ведаю свае абавязкі. Мне яны не здаюцца руцінай, час праходзіць непрыкметна. Паміж справай радуюся спевам птушак, розным дробязям… Бачу ад сваёй працы канкрэтную карысць. А ў Бібліі сказана: «Салодкі сон таго, хто працуе».  Маю харчаванне, адзенне, дах – і гэтым задаволены.

– У вас, сучаснага маладога чалавека, няма ніякіх цяжкасцяў?

– Ёсць, і яны такія ж, як і ў іншых людзей. Да прыкладу, як размеркаваць матэрыяльную дапамогу, якую дае мне дзяржава. Абыходжуся мінімальнымі патрэбамі і ад гэтага маю радасць. Жыву ў інтэрнаце філіяла маторнага завода. У многім мне дапамагае мама, але ў першую чаргу звяртаюся да Бога. Малюся.  Пра верных сяброў таксама не забываю.

Маю гонар быць хрысціянінам

– На працягу трох гадоў вы будзеце ўдалечыні ад дома, ад сяброў. Як пераносіце разлуку?

– У мяне ёсць вольны час пасля работы, у выхадныя дні. Калі трэба куды паехаць, пішу заяву ў аддзел кадраў бальніцы. У асноўным езджу дамоў або ў Дзяржынск, да сяброў. У мяне шмат сапраўдных сяброў. Гуляем з імі ў валейбол. А яшчэ – вывучаем Біблію і дапамагаем рабіць гэта іншым. Такі мой асэнсаваны выбар, зроблены ў 2014 годзе. Для мяне гонар быць хрысціянінам. Мая мама таксама хрысціянка. Мы з ёй разам на гэтым шляху. Яна вучыла мяне з дзяцінства самастойна чытаць Біблію, за што я ёй вельмі ўдзячны. Магу прывесці шмат выпадкаў, калі Біблія змяніла жыццё чалавека. І маё ў тым ліку.

– Як да вас ставяцца людзі, якія жывуць і працуюць побач?

– На даны момант – добра. Бачаць, як я сябе паводжу, як стаўлюся да іх. Нават калі не падабаюцца мае рэлігійныя погляды, то на ўзаемаадносіны гэта не пераносіцца.

У юнацтве ў мяне ўзнікла дылема: хадзіць з мамай на сходы ці жыць без Бога. Я шмат чытаў, слухаў і зразумеў, які шлях вядзе да сапраўднага будучага. Адчуў дапамогу Бога, яго сілу, калі трэба было развітацца са шкоднымі звычкамі (спрабаваў курыць, як і ўсе школьнікі), брыдкаслоўем… Сярод аднакласнікаў былі некаторыя, якія маглі пасмяяцца з таго, хто падае. Мне так жыць не хацелася…

–У маладым горадзе Светлагорску, згодна са статыстыкай, больш чым дзе ў Беларусі залежных ад наркотыкаў. Вельмі важна выбраць правільны шлях…  

– У Светлагорску я першы, хто выбраў альтэрнатыўную цывільную службу. Мяне адгаворвалі, але я ведаў, што такім рашэннем парадую Стваральніка. Удзячны Богу за горад Стоўбцы, у які ён мяне накіраваў, за тое месца, дзе нясу службу. Удзячны таксама дзяржаве, што ў 2016 годзе прынялі закон, і мае перакананні ўлічваюцца пры выкананні канстытуцыйнага доўгу. Раней жа за адмову служыць у войску  штрафавалі.

Абавязкі Арцёма – і прыём другаснай сыравіны

Сумясціць прафесійнае з духоўным

– Пра карысць сваёй працы вы сказалі. А якую навуку дае вам альтэрнатыўная служба?

– Навучыўся сціпласці. Бывае, трэба замяніць падчас водпуску работніка, які чысціць урны, збірае «бычкі». Мне не сорамна брацца і за гэтую работу. Няспынна вучыць жыццё: многія побытавыя рэчы, віды рамонтных работ засвоіў у працэсе самастойнага пражывання… Атрымліваю асалоду ад таго, што маю душэўны спакой, чыстае сумленне.

– Чаго хацелі б дасягнуць у жыцці?

– У першую чаргу гэта духоўныя мэты. Ёсць біблейскія школы, якія дапамагаюць прапаведаваць. У адной з іх я ўжо вучыўся. Акрамя таго, хачу працаваць і сцвердзіцца ў сваёй прафесіі. Да прызыву закончыў Светлагорскі ліцэй, атрымаў прафесію повара. Для мяне важна, каб работа не перашкаджала пакланенню Богу.

– Арцём, вы так па-даросламу разважаеце, што хочацца запытаць пра ваш узрост, пра планы на сям’ю і г. д.

– Мне 20 гадоў. Як кожны мой равеснік, мару аб добрай сям’і, шчасці. Разумею, што для гэтага неабходна вучыцца быць гаспадаром, сем’янінам, які зможа ўтрымліваць сям’ю. Пакуль усе думкі – адслужыць…

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Р. S. У работнікаў бальніцы мы спыталі, як ім працуецца з Арцёмам. І пачулі ў адказ пра яго руплівасць, аптымізм, гатоўнасць прыйсці на дапамогу.

Законам «Аб альтэрнатыўнай службе», які ўступіў у сілу з 1 ліпеня 2016 года, вызначана, што альтэрнатыўная служба – гэта грамадска карысная дзейнасць узамен воінскай службы для грамадзян, якія прызнаны годнымі да воінскай службы, але якія заявілі, што прыняцце ваеннай прысягі, нашэнне, прымяненне зброі супярэчыць іх рэлігійным перакананням.

Сярод арганізацый, дзе можа праходзіць альтэрнатыўная служба, – арганізацыі аховы здароўя, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Тэрмін альтэрнатыўнай службы для грамадзян, якія не маюць вышэйшай адукацыі, – 36 месяцаў, для грамадзян з вышэйшай адукацыяй – 24 месяцы.

Паводле апошніх даных, больш як 100 прызыўнікам Беларусі воінская служба  заменена на альтэрнатыўную.

Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Жэбіт пракаментавала:

– Таму, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, з мясцовага бюджэту кампенсуюцца пражыванне і плата за камунальныя паслугі, з рэспубліканскага бюджэту выплачваецца штомесячнае грашовае ўтрыманне ў памеры 150 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за апошнія два кварталы.




«Перыядычна з’яўляюцца новыя вакансіі, і мы інфармуем аб іх людзей з інваліднасцю». Наталля Тарарай аб працаўладкаванні інвалідаў

У пачатку года дзяржаўнай службай занятасці была працаўладкавана 48-гадовая жанчына, якая мае трэцюю групу інваліднасці. Варта сказаць, што яна з задавальненнем згадзілася быць санітаркай-прыбіральшчыцай, ды і бальніца таксама з ахвотай прыняла яе ў свой калектыў.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

– Летась у раёне дзяржаўнай службай занятасці былі працаўладкаваны трое беспрацоўных, якія маюць інваліднасць. Вакансіі для іх мы падабралі ў райспажыўтаварыстве, раённым камбінаце бытавога абслугоўвання і на філіяле маторнага завода. З гэтымі суб’ектамі гаспадарання былі заключаны дагаворы аб арганізацыі адаптацыі інваліда да працоўнай дзейнасці, і два з іх працягваюць дзейнічаць і сёлета, – адзначае начальнік аддзела занятасці і працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля ТАРАРАЙ. – Перыядычна з’яўляюцца новыя вакансіі, і мы інфармуем аб іх людзей з інваліднасцю. У даным выпадку фактарам, што абмяжоўвае, выступаюць, як правіла,  медыцынскія паказанні.

Слушна будзе сказаць, што ў выпадку адаптацыі інваліда да працоўнай дзейнасці для наймальніка (у яго ролі можа быць як прадпрыемства, арганізацыя, так і індывідуальны прадпрымальнік) прадугледжаны пэўныя прэферэнцыі ад дзяржавы. Органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне штомесяц кампенсуюць наймальніку выдаткі па аплаце працы інваліда.

У гэтыя выдаткі ўваходзіць не толькі налічаная заработная плата, але і сумы сярэдняга заробку падчас працоўнага водпуску ці грашовай кампенсацыі за нявыкарыстаны працоўны водпуск, абавязковыя страхавыя ўзносы і страхавыя ўзносы па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў.

– Адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці ажыццяўляецца наймальнікамі паводле накіраванняў, выдадзеных органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, на дагаворнай аснове і ў тэрмін ад шасці месяцаў да года, – падкрэслівае Наталля Тарарай. – У чалавека з інваліднасцю павінна быць спецыяльнасць (прафесія) у адпаведнасці з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі, сфарміраванай МРЭК.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ




Машынна-трактарны парк ААТ «Рубяжэвічы» папоўніўся грузавіком МАЗ-650108

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Машынна-трактарны парк ААТ «Рубяжэвічы» папоўніўся нядаўна новым універсальным беларускім грузавіком МАЗ-650108. Даручылі тэхніку вопытнаму вадзіцелю Анатолію Марцінкевічу. Анатолій Антонавіч больш за чвэрць стагоддзя шчыруе ў гаспадарцы. Умелы, добрасумленны. На даручаным самазвале падчас корманарыхтовак Анатолій Антонавіч перавозіў з палеткаў у сянажныя траншэі зялёную масу. Як расказвае загадчык механічных майстэрань Валерый Лагеня, у працэсе работы высветлілася, што змесціва з кузава поўнасцю не выгружаецца. Кемлівы вадзіцель знайшоў прычыну і паспяхова вырашыў праблему.

– Марцінкевіч у нас на ўсе рукі майстар, – дадае Валерый Іосіфавіч. – Напачатку сваёй работы ў гаспадарцы ён перабраў старэнькі ЗІЛ-130 і адпрацаваў затым на ім больш за дзесяць гадоў. Яго паважаюць калегі, якім ён дапамагае ў рамонце тэхнікі не толькі словам, але і справай.

Гэтымі днямі Марцінкевіч заняты на адвозцы збожжа ад камбайнаў – перавёз каля тысячы тон і па гэтым паказчыку з’яўляецца лідарам сярод вадзіцеляў таварыства.

Надзея БАТАЛКА




У Дзераўной з’явілася месца для прагулак

Згодна з папярэднімі разлікамі, у Дзераўной, якая ўдзельнічае ў праекце «Вёска будучага», сёлета плануецца добраўпарадкаваць не менш за 3000 м2 тэрыторыі. Шмат чаго ўжо зроблена камунальнікамі.

Як расказаў майстар Стаўбцоўскага АКС Аляксандр Пятроўскі, амаль што завершана добраўпарадкаванне вуліц Набярэжнай і Вайтовіча вакол возера, што стварае цудоўныя магчымасці для прагулак маладым сем’ям з дзецьмі. Брыгадай Аляксандра Ермаковіча ўкладзена тратуарная плітка на плошчы каля тысячы м2, а яшчэ будуць устаноўлены лавачкі, урны. У планах – і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол дамоў па вуліцы Набярэжнай.

Таксама вядуцца падрыхтоўчыя работы для прывядзення ў парадак парку перад касцёлам, што дазволіць стварыць тут не толькі прыгожы зялёны куточак, але і бяспечную тэрыторыю. Сюдой дзеці ідуць у школу, са школы.

Што датычыць іншых аб’ектаў добраўпарадкавання на Стаўбцоўшчыне, то камунальнікі працуюць таксама і ў Наваколасаве. Брыгадай на чале з Анатолем Покам амаль завершана ўкладка тратуарнай пліткі на вуліцы Школьнай, у найбліжэйшы час яна прыступіць да асфальтавання вуліцы Спартыўнай і добраўпарадкавання тэрыторыі вакол дома № 12 па вуліцы Перамогі.

Камунальнікі, перадаючы свае аб’екты ў карыстанне, заклікаюць людзей беражліва ставіцца да таго, што зроблена, у што ўкладзены не толькі праца, але і значныя сродкі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 




Кіраўніцтва раёна сустрэлася з насельніцтвам вуліцы Міра ў Стоўбцах

У мінулую сераду адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з насельніцтвам, якое пражывае па вуліцы Міру ў Стоўбцах.

Тых, хто пажадаў выказаць сваё меркаванне наконт добраўпарадкавання тэрыторыі, пытанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, водна-пітнога рэжыму і інш., было няшмат.  Але тэмы, што агучваліся на сустрэчы, датычылі кожнага жыхара мікрараёна.

Напрыклад, прапанова ад жыхара Б. аб святочным упрыгожванні да мерапрыемстваў па вуліцы Міру выклікала падтрымку з боку кіраўніцтва райвыканкама. Было адзначана, што гэтая слушная парада знойдзе водгук і будзе абавязкова выканана ў наступным годзе. Таксама звернута ўвага кіраўніцтва на тое, што маладзёжны мікрараён мае патрэбу ў азеляненні.

Па пытанні якасці дарогі і транспартных нагрузках старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень адзначыў:

– Мы бачым, што ў горадзе пачынае развівацца прамысловая зона. А з пашырэннем вытворчасці на СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн», адкрыццём інавацыйнай лініі на ТАА «Сула Плюс» і ўзвядзеннем новай кацельні  транспартныя нагрузкі на дарогу будуць узрастаць. Таму пытанне наконт будаўніцтва аб’язной дарогі стаіць на кантролі не толькі ў райвыканкаме, але і ў аблвыканкаме. Аб’язная дарога, якая будзе злучаць вуліцу Задворанскую з трасай Р2, уключана ў інвестыцыйную праграму. Мяркуецца, што работы пачнуцца ў канцы 2020-га – пачатку 2021 года.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Жыхарку з ЖБК «Бярозка-90» турбавала пытанне наконт аплаты камунальных паслуг, адлічэнняў і размеркавання сродкаў на капітальны рамонт.  Адказ на гэтае пытанне даў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака:

– Мінімальны тэрмін эксплуатацыі жылога будынка з моманту пабудовы – 25 гадоў. Галоўная мэта капітальнага рамонту – аднавіць асноўныя якасці пабудовы, страчаныя падчас эксплуатацыі: фізічныя, тэхнічныя, спажывецкія, эстэтычныя. Адлічэнні на капітальны рамонт акумулююцца на субрахунку Стаўбцоўскага райвыканкама і выкарыстоўваюцца строга па прызначэнні ў адпаведнасці з праграмамі і зацверджанымі графікамі правядзення капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Восем працэнтаў ад сумы, якая адлічваецца на капітальны рамонт, можа быць выкарыстана на бягучы рамонт, але адрамантаваць пад’езд ці набыць газонакасілку жыхары могуць толькі за ўласныя сродкі. А каб добраўпарадкаваць прылеглую да дома тэрыторыю (укласці тратуарную плітку, правесці азеляненне), можна выкарыстаць сродкі з бягучага рамонту.

Пры разглядзе пытання аб выкарыстанні кантэйнераў для смецця дырэктар Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў Дзмітрый Мурын адзначыў, што тэрмін іх эксплуатацыі – два гады, а замена на новыя ажыццяўляецца за ўласныя сродкі. Таму ўсім жыхарам ЖБК было рэкамендавана не забруджваць кантэйнерную пляцоўку і сартаваць смецце для захавання чысціні і парадку вакол дома.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК




Мікалай Дударэвіч і Часлаў Сідаровіч перавезлі ад камбайнаў звыш тысячы тон збожжа кожны

Вадзіцелі Мікалай Дударэвіч (злева) і Часлаў Сідаровіч

Хлебаробы ААТ «Жацерава» (дырэктар – Аляксандр Дударэвіч) першымі ў раёне справіліся з уборкай збожжавых і зернебабовых культур, якія займалі плошчу 999 гектараў. Ураджайнасць збожжавых склала 43 цэнтнеры з гектара, зернебабовых – 40,3 цэнтнера. Па гэтых паказчыках таварыства займае другое месца ў раёне. Усяго намалочана 4335 тон збожжа.

Як адзначае галоўны аграном Іна Леўкавец, поспеху садзейнічала добрасумленная праца ўсяго калектыву дбайных работнікаў, былі вытрыманы тэхналагічныя патрабаванні, што і дапамагло, нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор’я, дасягнуць неблагога паказчыка.

Важкі ўклад у агульную справу ўнеслі і вадзіцелі таварыства Мікалай Дударэвіч і Часлаў Сідаровіч, якія перавезлі сёлета ад камбайнаў  звыш тысячы тон збожжа кожны. Мікалай Іванавіч і Часлаў Іванавіч працуюць у гаспадарцы больш за тры дзесяцігоддзі і кожны год дабіваюцца высокіх паказчыкаў у рабоце.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара




Фінансы і дашкольнікі? Паняцце сумяшчальнае

У гэтым навучальным годзе мне было даручана стаць кіраўніком раённага клуба выхавальнікаў дашкольнай адукацыі «Наватар».

На працягу 2018/2019 навучальнага года члены клуба  працавалі над няпростай і дастаткова супярэчлівай тэмай – «Фарміраванне асноў фінансавай граматнасці сродкамі выкарыстання гульнявых метадаў і прыёмаў у адукацыйным працэсе ўстановы дашкольнай адукацыі».

На першы погляд, фінансы і дашкольнік, дзеці і грошы – паняцці несумяшчальныя. Але гэта далёка не так.

Сучасныя дашкольнікі вельмі рана ўключаюцца ў эканамічнае жыццё сям’і, сутыкаюцца з грашыма, наведваюць з бацькамі магазіны, банк, авалодваючы такім чынам фінансавымі адносінамі на спажывецкім узроўні.

А як дапамагчы дашкольніку разабрацца ў гэтым складаным свеце эканомікі?

Гэта пад сілу толькі зацікаўленым дарослым – педагогам, бацькам, прадстаўнікам соцыуму, якія своечасова патлумачаць малому, што такое грошы, чаму іх патрэбна зарабляць і эканоміць, дапамагуць назапасіць першапачатковы эмпірычны вопыт, які стане трывалым падмуркам для далейшага эканамічнага выхавання маленькай асобы.

Так, задача не з простых. Але шлях даўжынёй тысячу кіламетраў пачынаецца з першага кроку.

На працягу года аб першых кроках выхаванцаў па старонках фінансавай граматнасці дзяліліся вопытам педагогі з ДУА «Дзіцячы сад № 8 г. Стоўбцы», «Яслі-сад № 1 г. Стоўбцы», ДУА «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці «Радуга» г. Стоўбцы», ДУА «Шашкоўскі дзіцячы сад».

Калегамі адзначаных устаноў дашкольнай адукацыі былі прапанаваны  разнастайныя формы работы ў зададзеным напрамку: гульні-падарожжы,  сустрэчы з прадстаўнікамі Беларусбанка, гульнявыя практыкумы, агляды адзінага інтэрнэт-партала фінансавай граматнасці насельніцтва, дзелавыя гульні для педагогаў, майстар-класы па стварэнні дыдактычных дапаможнікаў, квэст-падарожжы.

У выніку дзейнасці метадычная скарбонка раёна папоўнілася азбукоўнікам па фінансавай граматнасці для дзяцей дашкольнага ўзросту, картатэкамі гульняў і гульнявых практыкаванняў, канспектамі заняткаў па розных адукацыйных абласцях вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, сцэнарыямі мерапрыемстваў актыўнага адпачынку, што стала добрай дапамогай для ўсіх педагогаў.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Завяршальным акордам дзейнасці ў рамках адзначанай тэматыкі стаў «Фестываль педагагічных ідэй», які быў арганізаваны ў маім родным Шашкоўскім дзіцячым садзе. Выхавальнікі дашкольнай адукацыі падзяліліся сваім вопытам на тэму «Аб сістэме работы па фарміраванні асноў фінансавай граматнасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту».

Удзельнікам фестывалю была прапанавана камандная гульня «Што? Дзе? Калі? Аб фінансах з гумарам і ўсур’ёз».

Ох, і няпростая задача! Членам каманды за абмежаваны прамежак часу патрэбна было знайсці адказы на відэапытанні, прадстаўленыя бацькамі нашых выхаванцаў. А ў якасці бонусаў атрымаць імправізаваныя «грошы-вясёлкі», створаныя рукамі выхаванцаў на «Манетным двары».

Заробленых «вясёлак» было так многа, што ўзнікла неабходнасць у стварэнні кашалька ў тэхніцы арыгамі, майстар-клас якога быў прапанаваны.

Цікавыя і крэатыўныя ідэі былі прадстаўлены маімі калегамі на выставе-трансформеры «З адходаў – у даходы». Варта адзначыць, што ўсе экспанаты выставы былі створаны рукамі педагогаў з выкарыстаннем другасных рэсурсаў. «Зберагаем – значыць памнажаем» – такім быў наш дэвіз.

Кожны ўдзельнік клуба прадставіў на фестываль педагагічных ідэй аўтарскую распрацоўку – дыдактычныя дапаможнікі і гульні па фарміраванні асноў фінансавай граматнасці.

Спадарожнікам мерапрыемства стала атмасфера даверу і адкрытасці, канструктыўнага абмеркавання адзначанага пытання.

Міжволі ў мяне ўзнікла думка аб тым, што ўсе ўдзельнікі клуба таксама фінансісты ва ўскосным сэнсе гэтага слова. Гуртам мы зараблялі, здабывалі і памнажалі, шукалі адказы на хвалюючыя пытанні, знаходзілі новыя творчыя падыходы для іх вырашэння, дзяліліся распрацоўкамі з калегамі ўстаноў дашкольнай адукацыі раёна. А значыць – фінансіравалі ў будучыню.

А цяпер чакаем росту нашых укладанняў у дзецях, сённяшніх дашкольніках, якія вельмі хутка будуць вызначаць будучае нашай краіны. Мы гадуем маленькіх беларусаў, у руках якіх заўтрашні дабрабыт нашай дзяржавы.  Я веру, што яны зробяць крок у будучыню з упэўненасцю!

Людміла БІЗГЕНЬ, выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА «Шашкоўскі дзіцячы сад», кіраўнік раённага клуба «Наватар»




Хлебаробы ААТ «Шашкі» у першай пяцёрцы па тэмпах уборкі збожжавых і зернебабовых культур

Па тэмпах уборкі збожжавых і зернебабовых культур хлебаробы ААТ «Шашкі» – у першай пяцёрцы. Працаўнікі прыкладаюць старанні, каб хутчэй і спаўна ўбраць вырашчанае. Стымул і жаданне зарабіць ёсць ва ўсіх.

Ураджайнасць вышэйшая, чым у мінулым годзе.

– Летась сабралі з кожнага гектара 16,9 цэнтнера збожжа, а сёлета разлічваем атрымаць больш. Цяпер намалочваем па 21 цэнтнеру, – гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Святлана Талстая. – Пільна сочым за якасцю ўборкі. Галоўнае, каб надвор’е нам паспрыяла.

Генадзій Юнцэвіч і Арцём Бербаш

Сярод камбайнавых экіпажаў у ліку першых па намалотах збожжа вопытныя Генадзій Юнцэвіч  (паказчык у яго набліжаецца да тысячы тон) і Валерый Калей. Першы працуе ў таварыстве трыццаць чатыры гады, другі – дваццаць пяць. Сёлета старэйшыны шчыруюць у парах з Арцёмам Бербашам і Міхаілам Новікам, якія дапамагаюць гаспадарцы ва ўборцы збожжавых. Дарэчы, Генадзію Іванавічу даручылі летась новы камбайн КЗС-1218.

Сяргей Кляпінін

Сеў за руль камбайна і галоўны інжынер Сяргей Кляпінін, які нядаўна вярнуўся з тэрміновай службы ў арміі. Сяргей Уладзіміравіч – малады спецыяліст, ён скончыў БДАТУ і размеркаваўся на працу ў родную гаспадарку. Сёлетняя ўборачная ў яго працоўнай біяграфіі трэцяя па ліку, бо шчыраваў на камбайне і падчас праходжання практыкі.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара




Запрашаем да ўдзелу ў аглядзе-конкурсе «Ветэранскі падворак»

Як і летась, раённая арганізацыя ветэранаў запрашае да ўдзелу ў аглядзе-конкурсе «Ветэранскі падворак», прысвечаны Году малой радзімы.

Фота носіць ілюстрацыўны характар

Гэта цудоўная магчымасць для старэйшага пакалення паказаць свае творчыя здольнасці ў пытаннях добраўпарадкавання. У конкурсе могуць прыняць удзел ветэраны вайны і працы, сем’і, якія маюць ва ўласнасці жылыя дамы з прысядзібнымі ўчасткамі, а таксама ветэраны, якія пражываюць у шматпавярховых дамах.

Крытэрыямі ацэнкі падворкаў выступае наяўнасць кветак і садавінна-агароднінных культур, малых архітэктурных формаў, гарманічнасць спалучэння гаспадарчай дзейнасці і эстэтычнага выгляду сядзібы.

Прадугледжаны наступныя намінацыі: «Ад прыроды матэрыял – ад майстроў талент» (вырабы з дрэва, гародніны, садавіны), «Кветкавая фантазія» (кампазіцыі з кветак), «Сабе на карысць» (нарыхтоўкі з таго, што вырашчана на ўласным участку), «Я на падворку не адзін» (з любоўю да дамашніх жывёл).

Заяўкі для ўдзелу ў аглядзе-конкурсе можна падаваць у раённы савет ветэранаў або ў сельвыканкам па месцы жыхарства да 1 кастрычніка 2019 года (кант. тэлефон – 5-01-80). Усе ўдзельнікі атрымаюць памятныя падарункі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ